Стала вядома, у чым вінавацяць дыджэя з Кобрына, затрыманага больш за год таму

Арцём Макавей

Арцём Макавей

Дыджэя з Кобрына Арцёма Макавея, якога затрымалі больш за год таму, абвінавачваюць у агентурнай дзейнасці. Яго прозвішча і справа з'явіліся ў раскладзе Брэсцкага гарадскога суда. На гэта звярнула ўвагу "Наша Ніва". Працэс над хлопцам пачнецца 29 красавіка.

У Макавея ўкраінскі пашпарт. Ён родам з пасёлка Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны. Калі Арцёму было 10 гадоў, памёр яго бацька, а маці атрымала сур'ёзную траўму і мела патрэбу ў рэабілітацыі. Хлопчыка адправілі да бабулі ў Кобрынскі раён. У выніку ён асеў у Беларусі. Тут Арцём скончыў Брэсцкі політэхнічны каледж. Нядаўна яму споўнілася 25 гадоў.

Макавей час ад часу бываў ва Украіне — напрыклад, атрымліваў там пасведчанне кіроўцы, — але ўвесь час жыў у Кобрыне. Тут ён працаваў дыджэем у розных забаўляльных установах горада. Калі яго затрымалі, маці казала журналістам, што сын не цікавіўся палітыкай. "Ён нідзе не лез, нічога такога не пісаў нідзе. Адзінае што мог у Іnstagram выкласці якія-небудзь здымкі з падтрымкай Украіны. Тыя здымкі былі не яго, ён іх браў у інтэрнэце. У яго сваякі цяпер ваююць, таму лагічна, што ён такія здымкі мог выкласці", — расказвала Іна Макавей. У студзені 2023 года Арцёма выклікалі ў міграцыйную службу і прапанавалі прайсці паліграф. Хлопец сказаў маці, што не разумее, за што яго выклікаюць. А потым яго затрымалі.

Санкцыя паводле артыкула, па якім абвінавачваюць Арцёма, прадугледжвае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі