Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Інтэрнэт шакавалі кадры, на якіх міліцыя ў Мінску падчас акцый пратэсту затрымлівае пажылых людзей. Еўрарадыё высветліла, хто ж яны, гэтыя "пенсіянеры-разбойнікі".

 

Ян Грыб, 80 гадоў, паэт: “Баяўся штрафу, з сённяшнімі пенсіямі цяжка іх плаціць”

"З 1988 года я хадзіў на акцыі з Быкавым, Хадыкам, Пазняком. З тых часоў увесь час затрымлівалі. Разоў сто! Ну, можа, 30-40, дык дакладна. А на сутках быў усяго тройчы. Аднойчы суткі адседзеў з казлом. Студэнты прывялі на акцыю казла, і шыльду яму прырабілі "прэзідэнт". Амапаўцы ганяліся за казлом, злавілі і адправілі разам са мной у Савецкі РУУС... Раней, праўда, не асабліва штрафавалі, ды і штрафы дапамагалі аплачваць міжнародныя арганізацыі. А цяпер я і ўцякаў з аўтазака, бо баяўся штрафу: з сённяшнімі пенсіямі цяжка іх плаціць. Чаму я выходжу? Такая сітуацыя склалася ў краіне, што нармальны чалавек перажыць проста не можа. Калі ён трохі свядомы, калі ён мае розум, то павінен нешта рабіць дзеля таго, каб гэтую сітуацыю, падобную да цені фашызму, неяк памяняць. Я разумею, што змяніць нешта вельмі цяжка, але душа і сэрца не церпяць, спадзяюцца, што нешта ўсё ж зменіцца".

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Ала, 58 гадоў, інжынер: “Хачу сваёй прысутнасцю падтрымаць людзей, якім сёння цяжка"

"Я хаджу пастаянна на акцыі, з 92-га года. А пасля рэферэндуму 95-га з сябрамі запісалася ў БНФ, спявалі ў тамтэйшым хоры. Гэтым разам, 25-га, мяне паказалі па Euronews: за адну руку я вітаюся з аднакласнікам, а яго за іншую руку цягне АМАПавец... Мяне ніколі не хапалі, не штрафавалі і не садзілі, дзякуй богу, абышлося. Пасля плошчы 2010-га года неяк усе схаваліся па кутах. А цяпер вось зноў выходжу ў падтрымку пенсіянераў, якіх абдзялілі з пенсіямі, бо сама з гэтым сутыкнулася. Я хачу сваёй прысутнасцю падтрымаць людзей, якім сёння цяжка".

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Іван Антанюк, 87 гадоў, ваенны ракетчык: “Я быў далёкі ад палітыкі, а потым сышоў на пенсію”

“Я быў далёкі ад палітыкі, а потым сышоў на пенсію і абраў шлях барацьбы за вольную незалежную Беларусь, далучыўся да беларускага руху. Мая свядомасць мне дыктуе, што я мушу быць разам з патрыётамі нашай Радзімы і адрадзіць краіну, каб яна пайшла шляхам дэмакратыі. Беларус беларуса душыць — вось якая мадэль сённяшняй дзяржавы! Таму я пачаў удзельнічаць у акцыях у часы, калі на Плошчу Незалежнасці яшчэ выходзіла па сто тысяч мінчукоў. Памятаю, як Яна Грыба забіралі ля Галоўпаштамта, я яго бараніў, а мне гумай па плячох урэзалі. Пасля гэтага я быў асцярожным, бо хто за мяне заступіцца? А цяпер хаджу на буйныя акцыі кшталту Дня Волі, на малыя не хаджу, бо ногі ўжо баляць. 25-га вымушаны быў прыйсці, інакш паступіць не мог. Я выходжу на вуліцы, бо люблю Беларусь і хачу бачыць яе вольнай і дэмакратычнай краінай, такой, якой яе пачаў будаваць Шушкевіч”.

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Ніна Багінская, 70 гадоў, геолаг: “Штрафы не лічу, бо ўсё адно не змагу фізічна іх аплаціць”

"У пратаколах пішуць адно і тое ж шмат гадоў: я парушаю закон аб масавых мерапрыемствах, крычу лозунгі "Жыве Беларусь" і трымаю ў руках бел-чырвона-белы сцяг. Два разы сядзела на Акрэсціна за святкаванне Дзядоў і Дня Волі. У апошні час мяне не затрымліваюць, але штрафуюць. За 2016 год прысудзілі штрафаў на 130 мільёнаў “старымі”. Сёння зноў атрымала позву ў суд. Але я ўжо і не хаджу на гэтыя суды, і штрафы не лічу, бо ўсё адно не змагу фізічна іх аплаціць… Маёй першай акцыяй сталі Дзяды ў 1988 годзе, там я фактычна была ахрышчаная ў народны супраціў. Я лічу нармальным і дэмакратычным, калі народ, незадаволены дзеяннямі ўлады, выходзіць у грамадзе ці самотна на пратэсты. Улада не імкнецца адраджаць нашу этнічную супольнасць, працягвае русіфікацыю. Мяне абражае, што я хаджу па плошчы Калініна. Я ведаю яго гісторыю, так званага ўсесаюзнага старасты, які пад рэпрэсіямі нават сваю жонку не мог абараніць. Баязлівец! А помніка Каліноўскаму няма. Мы сядзім у сваім котлішчы і мусім супраціўляцца чужынцам, якія навешваюць нам сваю мову і культуру. Я буду хадзіць на акцыі, бо не магу скласці рукі, спакойненька спаць і быць задаволенай тым, што адбываецца ў краіне”.

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Уладзімір Каліберда, 76 гадоў, радыёфізік: “Гляджу па інтэрнэце, дзе будзе мітынг, і еду”

“Усё пачалося з Дзядоў 88-га года. Акцыі для мяне заканчваліся па-рознаму: часам, затрымлівалі, часам, дубінкай атрымліваў ― усякае было. Некалі і штраф даводзілася плаціць. Выходжу на мітынгі, бо арганізм не пераварвае тое, што тут творыцца. Не люблю падман, а той, хто ва ўладзе, пачаў сваю працу з падману. Раней я жыў у Мінску, а цяпер пераехаў на малую радзіму ва Уздзенскі раён. Там акцый няма, але я подпісы збіраў у свой час за Домаша ды за Чыгіра. Але на мітынгі ў Мінск прыязджаю рэгулярна ― гляджу па інтэрнэце, што і дзе будзе, і еду. Вунь, у бліжэйшых таксама вазьму ўдзел”.

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Наталля Клімовіч, 60 гадоў, фізік: “Часам баюся за блізкіх, таму іду з імі, каб быць побач”

“Пачалося ўсё з самага першага Чарнобыльскага шляху. Брат хадзіў, і біты быў, і ў аўтазаках ездзіў, а я ў пастарунку неяк сядзела. Са мной сяброўка была, прыгожая жанчына з прыгожай беларускай мовай, дык перад ёй п’яны палкоўнік кінуўся на калені і сказаў: “Калі вы прыйдзеце да ўлады, мы таксама будзем вам служыць”. Я не артыстычная, голас слабы, каб крычаць, але аднойчы, калі людзей бралі, руку зламала, наступны раз, у 10-м годзе, ― нагу. Чаму выходжу… Прычыны розныя. Цяпер не ішла са Статкевічам, ад яго нічога не чакаю, але Дзень Волі для мяне проста вялікае свята. Ішла ад Валгаградскай і прайшла тры шэрагі кардону. У трэцім спыняюць, пытаюць: “Куды вы ідзяце?”. — “У ЦУМ”. —“Не працуе”. —“Добра, хлопцы, тады віншую вас з 25 сакавіка”. І міліцыянт у гэтым скафандры адказвае: “Дзякуй вялікі, вас таксама”. І ўсміхаецца. І тут жа іншыя выскокваюць і цягнуць маладых мужчын… Часам баюся за блізкіх, таму іду з імі, каб быць побач, часам — таму што трэба, напрыклад, у Курапатах тыя памерлыя клічуць. Часам — трэба, часам — сорамна. Нават не дзеля пратэсту, што тут пратэставаць ― ім нічога не дакажаш”.

Старыкі-разбойнікі: хто яны, пенсіянеры, якія выходзяць на акцыі пратэсту

Мікола Савіцкі, 83 гады, прафесар: “Па-першае, акцыі пратэсту — гэта духоўнае ўзбагачэнне для мяне”

"Нават недзе зафіксавана, што я быў першай асобай, арыштаванай ў 1994 годзе пры новым прэзідэнце. Ля Дома ураду была акцыя падпісчыкаў газеты "Свабода", якую перасталі дасылаць. Мы сабраліся ўдакладняць. Але пачаўся разгон, і мяне ў каталажку запрасіў падпалкоўнік АПАМ па прозвішчы Французаў. Тады я правёў пяць сутак на Акрэсціна і аб'явіў галадоўку. У 1996 годзе падчас "Мінскай вясны" мяне газам атруцілі, меў страсенне мозгу ад удару дубінкай ― дагэтуль адгукаецца. А цяпер 25-га сакавіка я выйшаў на вуліцу, бо гэта вялікае свята для мяне і для дзяржавы, хаця не ўкладаецца ў нармальны чалавечы розум, каб улада не адзначала стварэнне дзяржаўнасці. Увогуле, духоўнае і маральнае хрышчэнне я атрымаў на Дзяды ў 1988 годзе. З таго часу я хаджу на ўсе акцыі, бо гэта, па-першае, духоўнае ўзбагачэнне для мяне. Па-другое, я, як прафесар, усё жыццё імкнуся бачыць падзеі сваімі вачыма і рабіць высновы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі