У Кіеве з-за выказвання старшыні КДБ пачалі эвакуацыю дзвюх бальніц

Іван Тэртэль робіць скандальныя заявы, 25 красавіка 2024-га

Іван Тэртэль робіць скандальныя заявы, 25 красавіка 2024-га / sb.by

У Кіеве з-за выказвання старшыні КДБ РБ пачалі тэрміновую эвакуацыю дзвюх бальніц, якія размяшчаюцца на вуліцы Багатырскай у Абалонскім раёне (адна з іх — дзіцячая). Словы Івана Тэртэля ўкраінцы палічылі ўскоснымі пагрозамі ўдару. Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя ў пятніцу так патлумачыла рашэнне: "Каб засцерагчы хворых дзяцей, іх бацькоў і медыцынскі персанал, улады сталіцы зараз робяць усё магчымае, каб перавезці пацыентаў і медыкаў у іншыя медустановы сталіцы".

Кіеўскія ўлады спасылаюцца на відэа, у якім "фактычна анансаваны ўдар ворага па гэтых медычных установах" з-за нібыта знаходжання ў іх вайскоўцаў. "Гэта абсалютная хлусня і правакацыя ворага, якую ён спрабуе выкарыстаць для ўдару па сацыяльнай інфраструктуры сталіцы", — гаворыцца ў заяве.

У Кіеве спасылаюцца за заяву старшыні КДБ Івана Тэртэля, якая прагучала 25 красавіка на "Усебеларускім народным сходзе". Ён пагражаў разабрацца з нейкімі "тэрарыстамі" ва ўкраінскай сталіцы.

"Усе гэтыя асобы, іх дзейнасць і планы камітэту [дзяржбяспекі] вядомыя, — гаварыў ён. — У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем па законах ваеннага часу... Сярод тэрарыстаў і іх памагатых ёсць забітыя і параненыя, іх напаткае пакаранне, нават нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія бальніцы па адрасе Багатырская 30 і 32, дзе фактычна схаваліся за спіны хворых дзяцей".

"Горад звярнуўся да СБУ, Міністэрства аховы здароўя па дапамогу і праінфармаваў адносна захадаў, якія прымае для захавання жыцця і здароўя пацыентаў і персаналу бальніц", — гаворыцца ў заяве Кіеўскай гарадской дзяржадміністрацыі.

У пятніцу з-за іншай заявы Тэртэля МЗС Літвы заявіла ноту пратэсту рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі