У Літве назвалі дэзінфармацыяй заяву старшыні КДБ пра "атакі беспілотнікаў"

Беларускі вайсковец запускае дрон

Беларускі вайсковец запускае дрон / t.me/modmilby/

У Літве назвалі дэзінфармацыяй заяву старшыні КДБ пра "прадухіленне атак беспілотнікаў". 25 красавіка ў сваім выступе на "Усебеларускім народным сходзе" Іван Тэртэль сцвярджаў, што з літоўскай тэрыторыі планавалі накіраваць баявыя дроны на Мінск і яго прыгарады. Але КДБ з іншымі сілавымі структурамі правялі "шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў", але не стаў удакладняць, што мае на ўвазе. Верагодна, гаворка пра нейкую правакацыю.

"100%, што гэта дэзінфармацыя... Тое, што Літва здзейсніць беспілотную атаку на Беларусь — гэта лухта, іншага слова не магу знайсці“, сказаў у каментары lrt.lt прадстаўнік стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс. І дадаў, што заявы Тэртэля "выклікаюць толькі ўсмешку".

Прэс-сакратар галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Літвы Жывіле Дыджгалвіене таксама абвяргае інфармацыю старшыні КДБ РБ. "Варожая інфармацыйная дзейнасць характарызуецца распаўсюджваннем дэзінфармацыі і ілжывымі абвінавачваннямі, — кажа яна. — Літоўскія вайскоўцы не распачалі ніякіх варожых дзеянняў супраць іншых дзяржаў".

Літоўскія эксперты выказваюць меркаванне, што заявы Івана Тэртэля ці Аляксандра Лукашэнкі нярэдка могуць быць разлічаны выключна на ўнутраную аўдыторыю. А распаўсюджаная імі інфармацыя далёкая ад рэальнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі