Беларусь рэзка павялічыла імпарт з акупаваных тэрыторый Украіны

Железнодорожная станция

Што вязуць на беларускія прадпрыемствы з акупаваных тэрыторый? / pixabay.com

За першыя дзевяць месяцаў 2024 года Беларусь істотна павялічыла аб’ёмы імпарту грузаў з акупаваных тэрыторый Украіны, паведамляе “Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў”. Зафіксаваны велізарны рост паставак — больш за 25 тысяч тон, што ў 2,5 раза перавышае сумарныя аб’ёмы за папярэднія чатыры гады.

Як адзначаюць аўтары аналізу, у 2024 годзе прынцыпова змянілася і наменклатура імпартаванага грузу. Калі раней з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь вазілі вугаль, то ў 2024 годзе аснову складае металапракат і вырабы з металу.

Усяго за ўказаны перыяд было адпраўлена 382 вагоны агульнай вагой 25 425 тон.

Падрабязная наменклатура выглядае наступным чынам:

  • Лістовая сталь — 13 179 тон;

  • Гліна — 5 850 тон;

  • Смолы каменнавугальныя — 3 540 тон;

  • Лістовыя штрыпсы — 1 380 тон;

  • Ліцейны кокс — 526 тон;

  • Балкі і швелеры N10-12 — 276 тон;

  • Дыябазавыя парашкі — 260 тон;

  • Балкі і швелеры іншых тыпаў — 414 тон.

Сярод асноўных атрымальнікаў — найбуйнейшыя беларускія прамысловыя прадпрыемствы: ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання», ААТ «Керамін», ІТААА «Омск Карбон Магілёў», ААТ «БЕЛАЗ», Мінскі аўтамабільны завод, ААТ «Гомельбудматэрыялы» і іншыя.

Маршрут движения товаров из оккупированных территорий Украины
Маршрут руху тавараў з акупаваных тэрыторый Украіны / Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Беларусь літаральна скупляе тавар за бесцань. Сабекошт металургічнай прадукцыі на акупаваных тэрыторыях Украіны значна ніжэй за сярэднерынкавы.

Як адзначаюць чыгуначнікі, гэта абумоўлена таннай працоўнай сілай, адсутнасцю строгіх экалагічных і працоўных стандартаў, а таксама магчымасцю працаваць з мінімальнымі накладнымі расходамі.

Непрызнаны статус акупаваных рэгіёнаў дазваляе рэалізоўваць метал без аплаты стандартных падаткаў і экспартных пошлін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі