"Чаму на адкрыццё чэмпіянату заганялі дзяцей?" — намеснік міністра спорту

Трыбуны, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Публічная сварка паміж кіраўніком Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ) Мікалаем Шарснёвым і намеснікам міністра спорту Аляксандрам Дараховічам адбылася 14 сакавіка падчас канферэнцыі АБФФ.
Дараховіч заявіў, што кіраўніцтва федэрацыі не аналізуе сітуацыю. "Каб рабіць высновы, трэба рабіць аналіз. А калі няма яго, ёсць толькі гучныя словы пра тое, што ўсе вакол вінаватыя", — перадае яго словы betnews.by.
Чыноўнік абурыўся тым, што адкрыццё чэмпіянату краіны па футболе 13 сакавіка адбылося без тэлетрансляцыі, а гледачамі туды прымусова заганялі дзяцей: "Днямі адбылося адкрыццё чэмпіянату. А чаму там не было тэлебачання? Чаму на гэты матч у загадным парадку заганялі дзяцей? Гэта ўсёе, напэўна, чыталі".
У адказ кіраўнік федэрацыі Шарснёў агрызнуўся: "Скажу вам так, малады намеснік міністра. Не трэба мяне вучыць, у мяне ў кожным разе паболей досведу кіраўніцкай працы". На гэта Дараховіч адказаў: "Паважаны Мікалай Мікалаевіч, я не малады намеснік міністра, а дзяржаўная асоба".
Таксама Шарснёў раскрытыкаваў міністэрства за стаўленне да беларускага футболу: "Мінспорту летась не падпісала каштарыс Федэрацыі, не дазволіўшы атрымаць сродкі ад партнёраў. Праз гэта грошы недаатрымалі рэгіёны. Грошы УЕФА і ФІФА ідуць на канкрэтныя праекты і кантралююцца, дзесяць зборных не фінансуюцца з Мінспорту".
Ён заявіў, што Мінспорту стварае канфліктную сітуацыю і не ідзе на кампрамісы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.