Улады Сербіі адмаўляюць выкарыстанне акустычнай зброі супраць дэманстрантаў

Бялград, 15 сакавіка 2025 года / Reuters
Улады Сербіі адмаўляюць выкарыстанне акустычнай зброі супраць дэманстрантаў. Праваахоўныя органы атрымалі даручэнне высветліць, што ж адбылося ў Бялградзе ў суботу падчас найбуйнейшай акцыі пратэсту. Многія яе ўдзельнікі скардзіліся на атрыманы імі моцны "гукавы ўдар", паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Па даных паліцыі, да парламента прыйшлі больш за 100 тысяч чалавек. Апазіцыя лічыць, што дэманстрантаў было да 325 тысяч. Вулічныя акцыі супраць карупцыі пачаліся ў лістападзе 2024 года, калі ў горадзе Нові Сад абрынуўся навес над уваходам у толькі што адрамантаваны будынак вакзала, загінулі 15 чалавек.
Інцыдэнт, пра які кажуць пратэстоўцы, адбыўся падчас 15-хвіліннага маўчання, калі дэманстранты аддавалі даніну памяці загінулым. Людзі ў паніцы раптам пачалі разыходзіцца. Яны "адчулі моцны гукавы ўдар, які суправаджаўся хваляй цяпла ці ветру". У многіх "было адчуванне, што на натоўп насоўваецца велізарны транспартны сродак, цісканіна або нябачная сіла, выклікаючы паніку і інстынктыўны страх". Сведчанні збіраюць няўрадавыя арганізацыі.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч папрасіў міністра юстыцыі Маю Паповіч "праверыць сцвярджэнні аб выкарыстанні гэтай прылады". Пракуратура распачала крымінальную справу па факце распаўсюду інфармацыі аб выкарыстанні "гукавой гарматы". Са слоў Вучыча вынікае, што ён не верыць у выкарыстанне акустычнай зброі, а хоча, каб прыцягнулі да адказнасці тых, хто кажа пра гэта.
Міністр унутраных спраў Івіца Дачыч ужо заявіў, што "паліцыя не выкарыстоўвала ніякіх незаконных сродкаў падчас дэманстрацый у суботу". Падобная заява прагучала і ад Мінабароны Сербіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.