"Грошы на дармавой энергіі". Навошта Беларусі майнінгавыя фермы

Майнінгавая ферма на Бярозаўскай ДРЭС / сtv
Пад Крычавам плануюць запусціць майнінгавую ферму — комплекс для здабычы крыптавалют. Яе з мінулага года будуюць кітайскія інвестары ў былых цэхах “Крычаўцэментнашыфера”, плошча якіх 1,5 гектара. На ферме плануецца размясціць 15 тысяч спецыялізаваных кампутараў. Аб'ём інвестыцый — каля 190 мільёнаў рублёў.
Мясцовыя чыноўнікі цешацца, маўляў, “ферма” дасць раёну новыя працоўныя месцы — ажно 24, рэнавацыю прамысловых тэрыторый і імпульс да развіцця IT-інфраструктуры.
Гэта ўжо другая такая “ферма” у Беларусі. Першая была запушчана два гады таму на Бярозаўскай ДРЭС. У яе таксама ўклаўся “кітайскі інвестар”, які, паводле слоў мясцовага чыноўніка, таксама дапамагае з “добраўпарадкаваннем Белаазёрска, у арганізацыі святочных мерапрыемстваў, і аказвае матэрыяльную дапамогу”.
За 2024 год ферма забрала каля 20% усяго энергаспажывання Брэсцкай вобласці. У планах — пашырэнне пляцоўкі.
Што патрэбна для фермы?
Каб выбраць краіну для майнінг-фермы, трэба паглядзець на тарыфы на электраэнергію. Потым майнеры ўжо глядзяць на іншыя ўмовы, распавядае Аляксандр (імя змененае), які займаўся арганізацыяй — праграмнай і апаратнай — майнінг-ферм.
“Законы, як правіла, ігнаруюцца, калі толькі яны не змякчальныя (напрыклад, падатковая зніжка для майнераў). Вельмі цяжка забараніць такі від бізнесу, таму што з вуліцы ён выглядае проста як прамысловы ангар і людзей там няма”, — расказвае эксперт.
Але ў Беларусі майніць можна афіцыйна — яшчэ ў 2018 Лукашэнка падпісаў дэкрэт нумар 8, які дазваляе “чаканіць” крыпту.
Аляксандр кажа, што для майнінг-фермы патрэбна вентыляванае ці ахалоджанае памяшканне, мае быць падведзена электрычнасць і прадуманая сістэма адводу цяпла ад выпрацаванай энергіі.
“Непасрэдна майнеры (спецыялізаваныя кампутары для майнінгу) купляюцца ў вытворцаў (іх некалькі асноўных і мноства невялікіх). Яны ўсталёўваюцца ў памяшканні, падлучаюцца, наладжваюцца і далей за імі патрэбен мінімальны нагляд — хопіць невялікага персаналу нават для велізарнай фермы (бягучыя праверкі і замена абсталявання, якое выходзіць з ладу і г.д.). Нагляд можа ажыццяўляцца дыстанцыйна, бо майнеры ўвесь час падлучаныя да інтэрнэту. Так што майнінг-ферма звонку будзе выглядаць як несамавіты ангар”, — распавядае Аляксандр.
Далей, на гэтай арганізаванай пляцоўцы можна зарабляць або здаваць месцы і абсталяванне іншым.
Чаму Беларусь?
Як тлумачыць эканамістка Аліса Рыжычэнка, Беларусь — прывабная для майнінгу краіна праз танную электраэнергію, якой зараз вельмі шмат і якую вырабляе БелАЭС.
“Майнінг біткоінаў і крыптавалюты — гэта такая сфера, якая будуецца ў цэлым на спажыванні электраэнергіі. Адпаведна, тут будзе ў плюсе дзяржава, якая здолее прадаваць больш электраэнергіі. І тыя людзі, якія будуць арганізоўваць усё гэта, таму што цана на электраэнергію танная ў параўнанні з суседнімі краінамі, нават еўрапейскімі суседзямі Беларусі”, — кажа эканамістка.
На беларускім тэлебачанні кажуць, што такія фермы пазітыўна ўплываюць на эканоміку рэгіёна. Ці гэта так?
“Майнінг практычна ніяк не паўплывае на рэгіён (акрамя павышэння энергаспажывання там). Часам яго сумяшчаюць з цяпліцамі ці сушкай дрэва. Калі можна выкарыстоўваць дармавое цяпло — чаму не. Але агулам, гэта вельмі адасобленая ад эканомікі галіна, якая эксплуатуе безгаспадарныя памяшканні і лішнюю электраэнергію. Проста грошы на дармавой энергіі”, — кажа экспертка.
“Дабро” ад Лукашэнкі
“Дабро” на будаўніцтва Крычаўскай майнінг-фермы даў сам Лукашэнка. Пра гэта расказаў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачэнка.
“Лукашэнка даўно казаў пра майнінг, але, думаю, па грошах не маглі дамовіцца. Майнінг — справа не танная, каб атрымаліся вялікія сумы. Каб Лукашэнку гэта зацікавіла, патрэбныя вялікія інвестыцыі. Гэта рызыкі — дарагое абсталяванне можна аджаць і перапрадаць. Калі плынь расійскіх грошай вычарпалася, то пачалі шукаць іншыя варыянты і ўзгадалі пра майнінг. Але гэта здагадкі, зразумела”, — мяркуе Аляксандр.
Паводле Алісы Рыжычэнка, усе, хто звязаны з крыптавалютай унутры Беларусі, гэта набліжаныя да ўлады людзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.