Літва можа перагледзець забарону на ядзерную зброю

Міністр абароны Літвы Давіле Шакалене / ANDRIUS UFARTAS / ELTA
У Літве могуць спатрэбіцца змены Канстытуцыі, калі саюзнікі вырашаць размяціць у краіне ядзерную зброю ці яе кампаненты. Пра гэта заявіла міністр абароны Літвы Давіле Шакалене.
"Мы лічым, што неабходна ацаніць магчымасці ўнясення змяненняў у артыкул 137 Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, калі нашы саюзнікі прапануюць пэўныя рэальныя планы размяшчэння ядзернай зброі або яе кампанентаў у Літве, а таксама перагледзець іншыя абавязальніцтвы", — цытуе DELFI словы Шакалене.
137-ы артыкул літоўскай Канстытуцыі абвяшчае, што на тэрыторыі краіны "не можа быць зброі масавага паражэння і вайсковых баз замежных дзяржаў".
Пры гэтым Шакалене дадала, што канкрэтных прапаноў ад саюзнікаў пакуль няма, але трэба быць падрыхтаванымі да магчымай змены сітуацыі. "Трэба быць гатовымі да любога развіцця падзеяў. Таму мая пазіцыя як міністра абароны палягае ў тым, што нам усё ж варта ініцыяваць больш глыбокае абмеркаванне і ацэнку гэтага пытання", — заявіла кіраўніца абароннага ведамства.
Раней прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў весці перамовы з саюзнікамі ў Еўропе, каб выкарыстаць ядзерную зброюя Францыі ў якасці стрымальнага фактару і абароны кантынента ад расійскай пагрозы. Францыя — адзіная ядзерная дзяржава ў Еўрасаюзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.