-26 кілаграмаў! Гісторыя доктара, які схуднеў з “Аземпікам”

"За ўсе мае трыццаць гадоў я набіраў і скідаў вагу шмат разоў" / unsplash.com
— Праблемы з надмернай вагой у мяне былі ўсё жыццё, але нядаўна я схуднеў на 26 кілаграмаў і працягваю працу над сабой, — расказвае Еўрарадыё беларускі доктар Андрэй [імя героя змененае з прычыны бяспекі].
Доктар Андрэй худнее з дапамогай прэпарата “Семаглутыд”, які быў выпушчаны на рынак пад гандлёвай маркай “Аземпік”.
— Гэта тое самае, толькі ў таблетках, — тлумачыць лекар. — Але калі ў краіне, дзе я жыву, чатыры ін’екцыі “Аземпіка”, якія патрэбныя на месяц, каштуюць недзе 400 еўра, 30 таблетак “Семаглутыда” (месячная дазіроўка) можна набыць за 100 еўра. То-бок, танней у чатыры разы.
Спадзяемся, што досвед нашага героя будзе карысны тым, хто толькі збіраецца худнець такім чынам. Публікуем гісторыю ад імя суразмоўцы.
Калі дыеты не дапамагаюць
— Я ніколі не быў худым хлопцам. Я перакананы, што гэта адбылося праз звычкі, якія былі ў сям’і: талерка не павінна быць пустой, трэба даядаць і гэтак далей. Акрамя таго, я не быў спартовым — любіў гуляць у шахматы і прыстаўку.
Як працуе “Семаглутыд”
Фактычна гэты лек зніжае твой апетыт так, што ты фізічна не можаш з’есці шмат ежы. Я не буду апісваць механізм з біялагічнага боку, бо гэта доўга і ён дастаткова складаны. Галоўны эфект, якога ўсе чакаюць ад гэтага лека: з ім ты проста перастаеш шмат есці. Апетыт зніжаецца вельмі значна.
Таблеткі трэба ўжываць штодня, па адной на дзень. Таблетку можна выпіць у любы час, але праз дзве гадзіны пасля ежы і за гадзіну да наступнага прыёма ежы. Напрыклад, калі вы паелі а восьмай, прымаць таблетку трэба а дзявятай і ўжо аб адзінаццатай можна зноў есці. Вось гэта “Семаглутыд”.
Не проста таблетачка — і худнееш. Фізуха!
Вельмі важна разумець (і гэта мне адразу сказаў эндакрынолаг): акрамя таго, што ты прымаеш лек, трэба завесці нармальную фізічную актыўнасць і прытрымлівацца дыеты.
Некаторыя скажуць — дык на дыетах і праз фізуху ўсе і худнеюць, навошта тады “Семаглутыд”?
“Семаглутыд” — гэта памочнік, дзякуючы якому зніжаецца апетыт і чалавек можа наесціся невялікай порцыяй ежы.
Першыя ўражанні і пабочныя эфекты
Я пачаў прымаць “Семаглутыд” напрыканцы ліпеня. Адразу мне было не вельмі добра. Раблю агаворку, што я не ведаю дакладна: гэта адбылося праз “Семаглутыд” ці праз антыдэпрэсанты, бо пачаў іх прымаць фактычна ў адзін час. Да гэтага я нічога такога не прымаў.
Галоўны пабочны эфект, які я адчуваў напачатку — мяне даволі часта ванітавала [Мы праверылі, такая пабочка ад “Семаглутыду” існуе. — Еўрарадыё]. Думаю, праблема была ў тым, што я яшчэ не пераладзіў сваё харчаванне. Ты па звычцы ясі тыя ж вялікія порцыі, але арганізм іх ужо не ўспрымае.
— Як доўга ты прызвычайваўся да новага ладу жыцця?
— Праз працу мне было дастаткова цяжка ўсталяваць новы рэжым, бо я працую суткамі і не дома. Трэба есці нармальна. Для гэтага трэба загаддзя набываць прадукты, каб гатаваць дома.
Я ем нармальна: сняданак, абед, вячэру і таксама перакусваю.
Няма такога, што галадаю. Апетыт застаецца, але ты хутчэй наядаешся.
Каб усталяваць рэжым і зразумець, што мне ідзе і ад чаго не баліць страўнік, мне спатрэбілася прыкладна два месяцы.
Пасля я пачаў адчуваць эфект. Хутка наядаўся. Еў ежу, якую гатаваў на пары, атрымліваў ад гэтага задавальненне. Кілаграмы пачалі таяць.
Я не лічу ніколі ніякія калорыі, хоць кажуць, што гэта трэбна рабіць. Але зноў жа: з “Семаглутыдам” ты рэдка з’ясі больш калорый, чым трэба.
Атрымліваецца, што зараз я працягваю худнець. “Семаглутыд” працуе, таму я не бачу сэнсу переплочваць за “Аземпік”. Напэўна, “Аземпік” больш пасуе людзям, якія не могуць прывучыць сябе сістэмна кожны дзень піць таблеткі.
Але я сябе прывучыў. Кожную раніцу за гадзіну да прыёма ежы я прымаю таблетку ў адзін і той жа час.
З канца ліпеня 2024 года на 1 красавіка 2025 года я схуднеў на 26 кілаграмаў. Такім чынам, вярнуўся да сваёй вагі, якая была ў 2021 годзе.
Буду працягваць далей, бо хачу скінуць яшчэ 16 кілаграмаў. Таму — працую.
— Што будзе, калі забыцца прыняць таблетку?
— Я не забываюся, але ведаю, што нічога не здарыцца, калі прапусціць адзін дзень. Проста трэба прымаць далей.
— Ты цікавіўся тым, ці вяртаецца вага пасля таго, як перастаеш прымаць “Семаглутыд”?
— Ёсць статыстыка, што пасля схуднення вагу ўтрымліваюць усяго 2-3 адсоткі людзей. Таму я б сказаў, што самае цяжкае — наперадзе, калі давядзецца адвыкаць ад гэтага леку і апетыт без яго будзе вяртацца. Ну што паробіш? Трэба будзе неяк сябе кантраляваць.
— Ці ёсць яшчэ нейкія пабочкі?
— Трэба разумець, што вытворцы лекаў заўсёды пішуць на ўпакоўцы максімальную колькасці нейкіх пабочак, каб засцерагчы сябе, калі нешта здарыцца. Калі там нешта напісана — гэта дакладна не ўсё, з чым вы сутыкняцеся.
Кансультуйцеся з медыкамі, асабліва калі маеце праблемы з кішэчнікам, страўнікам, пячонкай, нейкія эндакрынныя захворванні.
“Семаглутыд” — гэта дастаткова новы лек. Шмат хто не спяшаецца яго прымаць, бо хто там ведае, якія пабочкі выявяцца праз 20 гадоў?
Напрыклад, я чытаў, што гэты лек падвышае рызыку развіцця раку шчытападобнай залозы, таму не рэкамендуецца яго прымаць, калі ўжо маеце такія праблемы ці калі ў сям’і ў кагосьці быў такі рак.
Але насамрэч, я чытаў пра адзінкавыя такія выпадкі, таму з улікам таго, наколькі “Семаглутыд” эфектыўны і наколькі ён паляпшае якасць жыцця, я пра гэта не думаю.
Дарэчы, я пытаўся ў эндакрынолага, ці часта ён прапісвае “Семаглутыд”, ён мне адказаў, што так. Карацей, калі скарэктаваць рэжым, эфект ад яго суперскі.
— Як змяніўся твой стан, улічваючы, што ты прымаў “Семаглутыд” разам з антыдэпрэсантамі, і што б ты параіў тым, хто толькі збіраецца яго прымаць?
— Доктар сказаў, што мой антыдэпрэсант прымаць паралельна з “Семаглутыдам” бяспечна. Вядома ж, і па настроі весялей, і фізічна стала лягчэй. І я раю абавязкова ісці да псіхіятра, калі ёсць праблемы ментальнага плану. Яшчэ раз, трэба вырашаць праблемы з галавой, каб пасля таго як перастаеш прымаць “Семаглутыд”, не забіць на ўсё і зноў не вярнуць вагу.
Таксама памятайце: “Семаглутыд” — гэта толькі памочнік. Трэба трымацца дыеты, займацца спортам.
Сам я паспрабаваў і не шкадую.
— Што наконт сексуальнай актыўнасці?
— Я дакладна не чытаў, як мусіць быць, але ж і так зразумела: кілаграмы сыходзяць — актыўнасць падвышаецца [смяецца].
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.