Выдавецтва "Янушкевіч" анансавала выхад чарговай кнігі пра Гары Потэра

Гэта будзе чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг

Гэта будзе чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг / facebook.com

Выдавецтва "Янушкевіч" анансавала выхад у лютым 2025-га чарговай кнігі беларускамоўнага "Гары Потэра". Яшчэ летам з'явілася інфармацыя, што кнігі не будзе — з праваўладальнікамі не ўдалося дамовіцца, бо Беларусь знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі (у тым ліку і пад санкцыямі Вялікабрытаніі). Аднак перамовы працягнуліся і ў выніку аказаліся плённымі.

Кніга "Гары Потэр і Келіх агню", чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг, пабачыць свет 8 лютага і на яе ўжо прымаюцца папярэднія замовы. Пераклад з англійскай мовы выканала Алена Пятровіч. У кнізе 712 старонак. Выдавецтва паведамляе, што "будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і тры папярэднія кнігі серыі".

"Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў, нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло, чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове, піша выдавецтва. — ...Мы заключылі новы кантракт на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на нашых пляцоўках: у кнігарні "Кнігаўка" у Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon. Яшчэ горш, іх ЗАБАРОНЕНА прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расіі. А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь".

Выдаўцы спадзяюцца, што нягледзячы на згаданыя перашкоды, беларусы на радзіме "знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні".

Выдавецтва "Янушкевіч" анансавала выхад чарговай кнігі пра Гары Потэра
t.me/newknihauka/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі