Беларускага добраахвотніка ўзнагародзілі ва Украіне
Узнагарода Аляксандра Малчанава
Медаль за заслугі перад Украінай уручылі беларусу-добраахвотніку Аляксандру Малчанаву, паведамляе "Белсат". Уручаў узнагароду кіраўнік Івана-Франкоўскай абласной рады Аляксандр Сыч.
Аляксандр Малчанаў ваяваў ва Украіне з 2014 года. Ён быў на перадавой у Данецкай і Луганскай абласцях. У першыя дні пасля поўнамаштабнага нападу Расіі ў 2022 годзе беларус удзельнічаў у баях пад Кіевам. Ён абараняў аэрадром у Гастомелі, удзельнічаў у вызваленні Ірпіня, Бучы і Макарава.
У складзе 72-й брыгады Малчанаў ваяваў пад Вуглядарам. Быў двойчы паранены, страціў вока. Менш за месяц таму выйшаў у адстаўку.
"Я інвалід вайны. Мне ўрад Украіны даў аднаразовую выплату. Дзякуючы ёй, кватэру зараз набуду. І пенсію добрую я атрымліваю. Усё, што дзяржава павінна была мне за час службы ў войску, усё было зроблена своечасова", — пракаментаваў Малчанаў "Белсату" сваю ўзнагароду.
Беларус падкрэсліў, што ён прыйшоў служыць ва ўкраінскае войска не як ваеннаабавязаны, а паводле кантракту. "Мне вельмі прыемна, што мяне ўзнагародзілі. Удзячны за гэта ўкраінскаму ўраду", — дадаў ён.
Аляксандр Малчанаў — адзін з палітвязняў Плошчы-2010. За баі пад Аўдзееўкай быў у 2017 годзе ўзнагароджаны медалём "За адвагу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.