Прадаў кватэру ў Беларусі і атрымаў грошы ў Польшчы — вопыт эмігранта
Беларус прадаў кватэру — і легалізаваў у Польшчы 50 тысяч еўра
З усіх краін Еўрасаюза і СНД Польшча на цяперашні момант з'яўляецца найбольш папулярным месцам для пераезду эмігрантаў з Беларусі. Пра гэта кажуць эксперты — паводле ацэнак аналітыкаў сэрвісу Picodi.com на гэты момант тут жыве больш за 300 тысяч беларусаў. Большая частка гэтых людзей так ці інакш працягвае падтрымліваць кантакты са сваімі сваякамі па іншы бок мяжы, у тым ліку і эканамічнага характару.
Але як сёння з Польшчы адправіць і атрымаць грошы з Беларусі? Наколькі гэта складаны і, магчыма, небяспечны працэс? Сваім досведам падзяліўся айцішнік Андрэй (у мэтах бяспекі асабістыя звесткі суразмоўцы ананімізаваныя). Еўрарадыё пераказвае яго грашовую гісторыю.
50 тысяч еўра з Беларусі ў Польшчу
Як і большасць эмігрантаў, Андрэй эміграваў з Беларусі ў Польшчу адносна нядаўна — амаль 3 гады таму. Тут мужчына працуе праграмістам і кансультантам у сферы IT.
За гэты час беларус мноства разоў адпраўляў і атрымліваў грошы з Беларусі, прычым зусім розныя сумы: ад 3 да 50 тысяч еўра. Невялікія сумы да 500 еўра, у асноўным на аплату рахункаў і куплю падарункаў, праводзіліся праз сэрвіс Paysend з карткі на картку.
"Усе пераводы праводзіліся з "Прыёрбанка" ў PKO Bank Polski. І ніякіх праблем з пераводамі не было. Грошы заўсёды даходзілі за суткі", — расказвае суразмоўца, удакладняючы, што пытанняў ад падатковай ён не атрымліваў.
"Пры пераводзе "сам сабе" даваць справаздачу не трэба, бо ў транзакцыі відаць ўладальніка рахунку-адпраўніка і атрымальніка. Разбіраўся з гэтым самастойна. Дадаткова кансультаваўся з гэтай нагоды [у кансультантаў] у "Прыёрбанку" і PKO".
Самым складаным для Андрэя стаў перавод сродкаў пасля продажу кватэры ў пачатку 2024 года.
"Трэба было перавесці грошы ад бацькі жонкі, рахунак у "Прыёрбанку", на жончын рахунак банка РКО. Для гэтага яшчэ дадаткова кансультаваўся ў падатковай. Бо сума была вялікая і, каб не заплаціць лішнія падаткі, трэба было аформіць іх як падарунак ад блізкага сваяка".
Андрэй паслядоўна пераказвае як выглядала гэтая аперацыя:
- Спачатку бацька жонкі прадаў кватэру ў Беларусі за рублёвую гатоўку;
- Затым паклаў яе на рахунак у "Прыёрбанку", прыклаўшы ў якасці доказу дагавор куплі-продажу;
- Перавёў рублі ў еўра праз банкаўскі рахунак;
- Здзейсніў перавод з "Прыёрбанка" ў PKO на рахунак еўра (на той момант там была самая танная камісія на рынку паслуг — 0.5%, менавіта пры перакладзе на рахунак PKO). Грошы прыйшлі на працягу сутак;
- Андрэй з жонкай падрыхтавалі для яго дароўную на польскай мове і адправілі ў Беларусь. Там бацька жонкі яе падпісаў, паставіўшы дату, і адправіўшы назад;
- Андрэй з жонкай запоўнілі падатковую форму SD Z2 — гэта дэкларацыя аб атрыманні грошай ад блізкага сваяка, якая неабходная, каб не плаціць падаткі з гэтай сумы. На гэта даецца паўгода з моманту атрымання сродкаў;
- Запоўненую дэкларацыю адняслі ў падатковую ужонда [упраўленне розных дзяржаўных або муніцыпальных структур. — Еўрарадыё], дзе жыве Андрэй. Да яе прыклалі дароўную і раздрукоўку аб атрыманні грошай. Падаткаў з атрыманых сродкаў мужчына не плаціў.
"Цяпер у нас цалкам легальныя грошы на рахунку, і імі можна разлічыцца як за другаснае, так і за новае жыллё", — рэзюмуе беларус.
Пытанняў з боку органаў кантролю ён не атрымліваў ні ў Беларусі, ні ў Польшчы.
Памятаць пра ліміты пераводаў і адмовіцца ад гатоўкі
Еўрарадыё папрасіла Андрэя даць парады людзям, якія думаюць над тым, каб адправіць ці атрымаць грошы з Беларусі.
"Пераменных вельмі шмат. Усё залежыць ад сум і мэты, куды будуць выкарыстаныя гэтыя грошы, і бягучых магчымасцяў. Калі ёсць магчымасць пераводзіць на рахунак "сам сабе", то праблем наогул не будзе.
Калі пераводы на рахункі сваякоў або чужыя рахункі, то трэба памятаць пра тое, што варта падаць дэкларацыю на гэтыя сродкі пасля перавышэння ліміту. У Польшчы дзейнічаюць тры падатковыя групы роднасных сувязяў, ліміты якіх вар'іруюцца ад 5 733 да 36 120 тысяч злотых".
Важдацца з гатоўкай суразмоўца не рэкамендуе.
“[Праз мяжу] яе трэба вазіць часткамі. Яе можна згубіць. Яе стрэсова везці. І яе складана ці часам немагчыма пакласці на рахунак у еўрапейскім банку", — заканчвае размову Андрэй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.