Новы фільм пра Супермэна і самыя нявыхаваныя гарады Іспаніі — #ІхНоравы

Замежныя навіны

Замежныя навіны / @rubanau_collage

Кракаўскую ялінку прызналі самай прыгожай ялінкай у свеце. Яна абагнала нават навагоднюю ялінку ў Нью-Ёрку! Тым часам у Іспаніі склалі рэйтынг самых “выхаваных” і “нявыхаваных” гарадоў, а папулярны “дубайскі шакалад” у Германіі назвалі шкодным.

Калі выйдзе новы “Супермэн” і падрабязней пра ўсё тое, што адбываецца ў свеце, чытайце ў нашай традыцыйнай рубрыцы “Іх норавы”.

 

Ялінка ў Кракаве — самая прыгожая ялінка ў свеце

Ялінка на галоўнай плошчы Кракава заняла першае месца ў рэйтынгу самых прыгожых гарадскіх ялінак свету па версіі партала timeout.com. Аўтары рэйтынгу назвалі яе "вянком чароўнага каляднага кірмаша". Яны звярнулі ўвагу на дэталі ўпрыгожанняў, падкрэсліўшы іх унікальнасць і гармонію з атмасферай горада.

Кракаўская ялінка ўпрыгожаная 26 тысячамі агеньчыкаў, ледзяшамі ды цацкамі. Другое месца дасталася ялінцы ў італьянскім Губіа, а трэцяе — нью-ёркскай ялінцы.

Новы фільм пра Супермэна і самыя нявыхаваныя гарады Іспаніі — #ІхНоравы
Ялінка ў Кракаве / t.me/thewwarsaw

З’явіўся цізер-трэйлер новага фільма пра Супермэна

Кінакампанія Warner Bros. паказала цізер-трэйлер новага фільма пра Супермэна. Карціна стане першай у абноўленым кінасусвеце DC і першай за 12 гадоў самастойнай гісторыяй пра культавага героя.

Прэм'ера павінна адбыцца 11 ліпеня 2025 года.

Папулярны “дубайскі шакалад” — шкодны

Увосень гэтага года ў Германіі вялікай папулярнасцю карыстаўся дубайскі шакалад. Відэа з ім апанавалі сацсеткі, а да крам выстройваліся чэргі. Праз некалькі месяцаў узоры трэндавага прадукта пратэставалі  ў лабараторыях і выявілі ў ім дамешкі, фарбавальнікі, алергены і шкодныя тлушчы.

— У першых узорах дубайскага шакаладу выявілі ўсё — ад махлярства да пагрозы здароўю. Калі на этыкетцы напісана "Дубайскі шакалад", то ўнутры мусіць быць сапраўдны шакалад з высакаякаснымі інгрэдыентамі без фальсіфікату і дамешкаў, — заявіў міністр па абароне правоў спажыўцоў зямлі Бадэн-Вюртэмберг Петэр Хаўк.

Агулам у лабараторыю трапілі восем узораў "дубайскага шакаладу". Пяць з іх — ад аднаго вытворцы з ААЭ, тры — ад розных вытворцаў з Турцыі.


Самыя “нявыхаваныя” гарады Іспаніі

Адукацыйная платформа Preply склала рэйтынг самых "выхаваных" гарадоў Іспаніі.

Праўда, крытэрыі своеасаблівыя. Параўноўвалі, наколькі шумяць гараджане ў грамадскіх месцах, ці вытрымліваюць асабістую прастору, ці пакідаюць на гасцінец у кавярнях, ці прапускаюць вадзіцелі пешаходаў і гэтак далей.

Самымі нявыхаванымі сталі Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, Гранада і Алікантэ. На чацвёртым месцы антырэйтынгу нечакана апынуўся Сан-Себасцьян (у асноўным з-за чаявых). Далей ідуць Більбаа, Пальма-дэ-Маёрка, Барселона, Малага, Вальядалід.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі