З'явіўся спіс 50 найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю беларускага кіно
Кадр з фільма "Ідзі і глядзі"
Рэйтынг найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю склалі кінаэксперты і дзейныя фільммэйкеры з ініцыятывы Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Спіс падрыхтавалі да 100-годдзя беларускага кіно, якое адзначаюць сёлета 17 снежня.
У спіс найлепшых беларускіх фільмаў увайшлі 50 стужак, агулам жа ў індывідуальных спісах экспертаў згаданыя 174 карціны. Рэйтынг складалі 49 экспертаў. Атрымалася найбольш шырокае апытанне, якое дасюль праводзілася на гэтую тэму — як па рэпрэзентацыі фільмаў, так і па колькасці экспертаў.
50 стужак, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, размешчаныя на сайце BIFA — разам з сінопсісамі, фестывальнымі гісторыямі фільмаў і каментарамі экспертаў. Там жа можна знайсці індывідуальныя спісы кожнага з удзельнікаў апытання — гэта беларускія рэжысёры, кіназнаўцы, фестывальныя арганізатары, а таксама замежныя прафесіяналы сферы.
Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма "Ідзі і глядзі" Элема Клімава супольнай вытворчасці савецкіх кінастудыяў "Беларусьфільм" і "Масфільм", за якую прагаласавалі 26 рэспандэнтаў. З мінімальным адрывам на другім месцы размясцілася індзі-карціна "Акупацыя. Містэрыі" Андрэя Кудзіненкі, што набрала 24 галасы. Стужку знялі ўжо ў незалежнай Беларусі. Яна, як і "Ідзі і глядзі", паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны, але з альтэрнатыўнай перспектывы.
З 50 фільмаў, прызнаных найлепшымі, 30 былі знятыя пасля распаду СССР. Паводле крытэраў, у рэйтынг маглі быць залучаныя фільмы, знятыя беларусамі (паводле самаідэнтыфікацыі) у любой з краінаў свету, і фільмы, знятыя любымі рэжысёрамі на беларускіх кінастудыях.
Адлік беларускага кіно традыцыйна вядзецца з 17 снежня 1924 года, калі была створаная кінастудыя "Белдзяржкіно" (сёння "Беларусьфільм").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.