Што дае сяброўства з Еўракінаакадэміяй — расказваюць беларускія кіношнікі
Беларускія кінематаграфісты паступова прасочваюцца ў еўрапейскую кінаіндустрыю
7 снежня ў швейцарскім горадзе Люцэрн адбудзецца цырымонія “Еўраоскара” — 37-й прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі. У гэтым годзе, у адрозненне ад мінулага, беларусаў сярод намінантаў няма. А беларуская прысутнасць на падзеі абмяжуецца ўдзелам рэкламшчыка і экс-палітвязня Андрэя Гнёта, які ўручыць прэмію за найлепшы дакументальны фільм.
На новай хвалі эміграцыі ў складзе Еўрапейскай кінаакадэміі з’яўляецца ўсё болей айчынных кінематаграфістаў. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што дае кіношнікам сяброўства ў адной з самых знакамітых кінаінстытуцый Еўропы.
Папулярызацыя еўрапейскага кіно
Калі паўстала і чым сёння займаецца Еўрапейская кінаакадэмія?
Яна была заснаваная адносна нядаўна — у 1988 годзе ў Берліне з ініцыятывы ўплывовага шведскага рэжысёра Інгмара Бергмана і яшчэ 40 кінематаграфістаў з іншых краін. Першапачаткова называлася Еўрапейскім таварыствам кіно.
Галоўная мэта Кінаакадэміі, як сцвярджае афіцыйны сайт інстытуцыі, — аб'яднанне і адукацыя еўрапейскіх кінематаграфістаў, прасоўванне іх кіно на міжнародным узроўні.
Таму самай заўважнай яе падзеяй лічыцца штогадовая цырымоніі ўручэння Еўрапейскай кінапрэміі, якую часта называюць ”еўрапейскім Оскарам".
У адрозненне ад галівудскага "Оскара" Еўрапейская кінаакадэмія засяроджваецца не на блокбастарах, якіх у Еўропе здымаюць няшмат. Замест гэтага яе ўвага скіраваная на аўтарскае кіно, фестывальныя працы і анімацыю.
Беларусы за ўсе 37 гадоў існавання кінапрэміі двойчы траплялі ў яе шорт-ліст. У 2003 годзе фільм “Мы жывем на краі” дакументаліста Віктара Аслюка прэтэндаваў на званне “Найлепшага кароткаметражнага фільма”, а праз дваццаць гадоў стужка “Радзіма” Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча трапіла ў намінацыю “Найлепшы дакументальны фільм”.
Сёння ў склад Кінаакадэміі ўваходзяць 5 тысяч чалавек. За амаль 40 гадоў яе існавання там былі і беларускія кінематаграфісты — як незалежныя, так і звязаныя са студыяй "Беларусьфільм".
Цяпер у Кінаакадэміі шэсць беларусаў. Большасць з іх — рэжысёры, але ёсць таксама фестывальны арганізатар, адборшчык і прадзюсар.
“Ілюзіі неафітаў і няшчасных эмігрантаў”
У чым плюс для беларускіх кіношнікаў ад уваходжання ў склад Еўрапейскай кінаакадэмія? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да чальцоў ад Беларусі.
Адзін з іх — шматгадовы прадстаўнік Еўрапейскай кінакадэміі, які папрасіў не згадваць яго імя і прозвішча.
“Нельга ставіць пытанне, ці можа Кінаакадэмія дапамагаць беларускім кінематаграфістам шукаць сродкі на кіно, бо яно раўназначнае меркаванню, што Беларускі саюз кінематаграфістаў будзе фінансаваць нашу кінавытворчасць. Гэта ўсё ілюзіі неафітаў і няшчасных эмігрантаў.
Кінаакадэмія мае іншыя задачы: прадстаўнічыя, іміджавыя, прамоцыя еўрапейскага кіно. Адна з асноўных яе функцый — выбіраць і ўзнагароджваць найлепшыя фільмы за кожны год.
Яшчэ Кінаакадэмія можа рабіць нешта сімвалічнае: пісаць лісты ў падтрымку каго-небудзь з кінематаграфістаў ці, наадварот, пратэставаць супраць якіх-небудзь палітычных дзеянняў і рашэнняў.
То-бок гэта хутчэй іміджавая гісторыя, у практычным сэнсе яна мала што дае”.
Пры гэтым суразмоўца дадае, што сяброўства — гэта прафесійны асяродак, часткай якога ты робішся. І гэтым можна карыстацца.
“У нейкім сэнсе гэта інтэграванасць у еўрапейскія кінапрацэсы. З самага важнага — магчымасць для чальцоў Кінаакадэміі праглядаць дзясяткі фільмаў ад нацыянальных еўрапейскіх кінематаграфій, якія яшчэ нідзе не паказваліся. Гэта дае ўяўленне пра тэндэнцыі — тэматычныя, мастацкія — і пра месца беларускай кінематаграфіі ў Еўропе”.
Кінематаграфіст кажа, што цяпер трапіць у склад Кінаакадэміі стала прасцей.
“Калі Кінаакадэмію стварыў Інгмар Бергман і 40 кінавытворцаў, гэта была адна арганізацыя, а цяпер, калі ў яе ўваходзіць некалькі тысяч чалавек, яна ўжо іншая. Яе ўплывовасць далей будзе залежыць ад таго, якім будзе прэстыж еўрапейскага кіно. Калі ён будзе такім, як цяпер [я б шмат на што не спадзяваўся]”.
Трапіць сюды можна двума шляхамі. Першы — амерыканскі: калі ў цябе ёсць намінацыя фільма на Прыз Еўрапейскай кінаакадэміі, цябе запрашаюць уступіць. У апошнія гады ўсё лібералізавалася — туды можна трапіць, атрымаўшы дзве рэкамендацыі ад існых чальцоў ці ўзначаліўшы нейкі кінафестываль, буйную студыю ці прэмію. Вось вы захочаце трапіць, возьмеце ў мяне рэкамендацыю — і ўсё. Але будзеце плаціць 225 еўра кожны год. За што?”
“У мяне не было такіх чаканняў”
Таксама з намі пагадзілася паразмаўляць журналістка і дакументалістка Ганна Бадзяка, якая ўвайшла ў Кінаакадэмію летась.
“Факт далучэння да Еўраакадэміі — гэта само па сабе, апроч прэстыжу, мае практычныя вынікі. Для мяне ў меншай ступені, бо я актыўна не ўдзельнічаю ў жыцці акадэміі, апроч вельмі базавых рэчаў кшталту галасавання. Што ў прынцыпе павінны рабіць усе чальцы акадэміі. Але гэта вялікая структура і, вядома, не ва ўсіх гэта атрымліваецца”.
Рэжысёрка лічыць, што для беларускіх рэжысёраў сяброўства з Еўрапейскай кінаакадэміяй мае значэнне.
“З той перспектывы, што большасць з нас не была ўключаная ў агульнаеўрапейскія індустрыяльныя працэсы. Гэта спрыяе нэтворкінгу, дае доступ да розных падзей: фестываляў, узнагарод, кінарынкаў, адукацыйных мерапрыемстваў".
Ганна згодная з меркаваннем, што сяброўства — гэта хутчэй іміджавая і камунікатыўная гісторыя.
“Але яна [Еўрапейская кінаакадэмія] і не мусіць мець іншых функцый, прынамсі, у мяне не было такіх чаканняў. Пры гэтым тыя функцыя, што ёсць, цалкам выконваюцца. Ты атрымліваеш прасцейшы доступ да таго, што адбываецца ва еўрапейскай кінаіндустрыі”.
“Ты адчуваеш салідарнасць”
Стваральнік фільма “Смеласць” Аляксей Палуян таксама не ацэньвае сяброўства ў Кінаакадэміі з прагматычнага боку.
“Гэта проста асацыяцыя еўрапейскіх прафесіяналаў, якія чагосьці дасягнулі ў кіно. І гэта ў крызісных сітуацыях — парашут бяспекі, як з Андрэем Гнётам. Дадатковая магчымасць. За табой стаіць калектыў еўрапейскіх кінематаграфістаў, якія могуць, калі што, біць у званы.
У нашым беларускім кейсе гэта асабліва важна. Калі ты едзеш на замежны фестываль, ніколі не ведаеш, ці ты з яго вернешся”.
Рэжысёр кажа, што менавіта сувязі з Еўрапейскай кінаакадэміяй дапамаглі ў стварэнні ў 2023 годзе Беларускай незалежнай кінаакадэміі — арганізацыі, якая прадстаўляе беларускіх кінематаграфістаў у заходнім свеце.
“Калі паглядзець на прыклад беларускай індустрыі, то гэта шмат чаму дапамагло ў працы Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Тое, што я быў сябрам Кінаакадэміі, нашы кантакты ў Кінаакадэміі — гэта вялікае сяброўства на ўзроўні вачэй і падтрымка. Калі б не было сувязяў з Еўрапейскай кінаакадэміяй, не ведаю, ці атрымалася б стварыць нашу акадэмію, атрымаць такую прэзентацыю падчас “Берлінале”.
Ты адчуваеш салідарнасць. Наша індустрыя знаходзіцца ў модусе эміграцыі, выгнанні. Індустрыі амаль няма. Беларускія кіношнікі вымушаныя ўбудоўвацца ў мясцовую індустрыю.
Я думаю, што калі ты сябра Еўраакадэміі, то гэта ўжо паказчык якасці. І калі ты шукаеш мясцовага прадзюсара ці збіраешся падавацца на кінафонд, то гэта дадатковы паказчык, хоць, можа, і не вырашальны. Гэта стварае да цябе давер: ты ўжо маеш досвед у кіно, твае праекты мелі міжнародную дыстрыбуцыю. Такі знак якасці”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.