У Беларусі следам за РФ заблакавалі самы буйны сайт з рускамоўнымі фанфікамі
У Беларусі заблакавалі доступ да сайта з фанфікамі, ілюстрацыйнае фота
Беларусь заблакавала найбуйнейшы рускамоўны сайт з фанфікамі "Фікбук", заўважылі журналісты "Зеркала". Раней сайт быў заблакаваны ў Расіі з прычыны наяўнасці на ім "забароненай інфармацыі з прапагандай ЛГБТ".
"Са шкадаваннем паведамляем, што "Фікбук" апынуўся ў рэестры абмежаванага доступу Рэспублікі Беларусь і недаступны для карыстальнікаў без VPN, якія там жывуць", — канстатуюць прадстаўнікі сэрвісу.
Паводле іх, ніякіх апавяшчэнняў ці запытаў ад Беларускай дзяржінспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ) да іх не паступала. І ўвогуле за ўвесь час існавання сайта не было зваротаў ці прэтэнзій з Беларусі. Уладальнікі кажуць, што ні БелДІЭ, ні Мінінфармацыі Беларусі сітуацыю не каментуюць, таму прычыну блакавання даведацца немагчыма.
У Расіі доступ да "Фікбука" быў абмежаваны ў ліпені 2024 года рашэннем Раскамнагляду. Перад тым ва ўладальнікаў сайта (юрыдычная асоба "Кніга фанфікаў" зарэгістраваная ў Латвіі) патрабавалі выдаліць "інфармацыю, якая прапагандуе нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны".
Лукашэнкаўскія чыноўнікі апошнім часам старанна капіююць расійскую практыку ў змаганні супраць ЛГБТК+. Пры гэтым нават не зважаюць, што беларускія законы ў гэтай сферы адрозніваюцца ад расійскіх.
"Фікбук" быў створаны ў 2009 годзе. Там публікуюцца творы аўтараў-аматараў. Сярод публікацый ёсйь як арыгінальныя апавяданні, артыкулы, вершы, так і фанфікі — гісторыі па матывах кніг, кіно, серыялаў, анімэ, камп'ютарных гульняў і іншых праектаў. Сярод фанфікаў заўважнае месца займаюць творы з сюжэтамі на тэму ЛГБТ. Сярод іх персанажаў могуць фігураваць не толькі кніжныя героі, але і рэальныя асобы — напрыклад, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.