Камісія па транс-пераходзе ў Беларусі: колькасць адмоваў працягвае расці
Паводзіны членаў камісіі па пераходзе выклікаюць пытанні
17 снежня ў Мінску адбылося другое пасяджэнне камісіі па транс-пераходзе ў гэтым годзе. Як і падчас першага, колькасць адмоваў значна перавысіла колькасць задаволеных заяў, паведамляе ініцыятыва TG House. Гэтая тэндэнцыя назіраецца з 2023 года.
Паводле ўдзельнікаў, на пасяджэнне прыйшлі 28 чалавек, але толькі 9 з іх атрымалі станоўчыя заключэнні. На першым пасяджэнні ў гэтым годзе з 23 чалавек дазвол на пераход атрымалі толькі 5.
Сярод тых, хто праходзіў камісію паўторна, статыстыка апынулася крыху лепшай: з 5 чалавек рашэнне было прынята на карысць 4 заяўнікаў.
Камісія працягвае задаваць стандартныя пытанні, якія тычацца сацыяльна-бытавых аспектаў: навучання, працы, асабістага жыцця, планаў на будучыню.
Аднак, па словах удзельнікаў, крытэрыі для прыняцця рашэнняў становяцца ўсё больш суб’ектыўнымі.
Як працуе камісія?
Да звароту ў камісію чалавек абавязаны на працягу года назірацца ў сэксолага і псіхолага.
Сама працэдура складаецца з двух этапаў:
дазвол на юрыдычны пераход (змена імя і гендарнага маркера);
медыцынскі пераход, які дазваляе гармонатэрапію і хірургічную карэкцыю полу.
Рашэнні камісіі грунтуюцца на медыцынскіх паказаннях і адсутнасці супрацьпаказанняў, такіх як цяжкія псіхічныя парушэнні або саматычныя захворванні, якія перашкаджаюць медыцынскай карэкцыі.
У склад камісіі ўваходзяць спецыялісты з абласцей аховы здароўя, адукацыі і праваахоўных органаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.