Новы кіраўнік Нацбанка расказаў пра абмен старых долараў

Долары, ілюстрацыйнае фота / Reuters
У Беларусі няма абмежаванняў на прыём долараў старога ўзору, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка.
"У нас няма ніякіх інструкцый або абмежаванняў па прыёме тых ці іншых доларавых купюр, звязаных з іх годам выпуску. Цыркулююць і тыя, і іншыя. Банкі абавязаныя прымаць і прымаюць купюры любога ўзору, калі яны з'яўляюцца плацежаздольнымі — гэта значыць, валодаюць прыкметамі плацежаздольнасці", — перадае БЕЛТА яго словы.
Праблемы пры абмене долараў старога ўзору ён звязаў з "чалавечым фактарам".
Чыноўнік нагадаў, што адзіныя прыкметы плацежаздольнасці купюр для ўсіх банкаў выпрацавала Асацыяцыя беларускіх банкаў. "Гэта пагадненне было накіраванае на тое, каб не толькі ўніфікаваць патрабаванні, але і зрабіць іх больш "лайтовымі". Каб яны не былі залішнімі", — патлумачыў Галоўчанка.
Ён згадаў праблему прыёму пашкоджаных купюр, якія не маюць прыкмет плацежаздольнасці. Раней банкі прымалі іх на інкаса і абменьвалі за мяжой на новыя купюры. Але пасля ўвядзення санкцый гэта стала рабіць больш цяжка.
"Тым не менш магу паведаміць, што "Беларусбанк" нядаўна адкрыў аперацыі па прыёме пашкоджаных купюр на інкаса, гэта значыць абмен на непашкоджаныя. Але, натуральна, гэтая паслуга платная, і ёсць пэўная камісія", — дадаў старшыня Нацбанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.