Доказы злачынстваў Лукашэнкі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд

Міжнародны крымінальны суд / Everett Collection / East News
У Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда перадалі дакументы, якія даказваюць злачынствы рэжыму Лукашэнкі.
20 сакавіка іх перадала група з шасці беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці — Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека "M.A.R.A.", Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр "Вясна", Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta. Доказы былі сабраныя і сістэматызаваныя прадстаўнікамі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) на працягу кастрычніка 2024 — лютага 2025 года.
"Гэтыя доказы ўключаюць сотні задакументаваных публічных заяў прадстаўнікоў рэжыму, інфармацыю аб колькасці ўцекачоў, у тым ліку на падставе даных Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, і іншыя неабходныя матэрыялы", — адзначаюць у НАУ.
Працэдура папярэдняга разгляду ў МКС была пачата пасля заявы ўрада Літвы пра беларускую сітуацыю. У яе рамках разглядаюцца злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку па-за межамі Беларусі, і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага Статута. У прыватнасці, фігуруюць такія злачынствы як дэпартацыя і пераслед.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.