Удзельнік пратэстаў 2020-га пры затрыманні зламаў руку міліцыянту

Затрыманне ў Гродне / Кадр з відэа
Удзельнік пратэстаў 2020-га пры затрыманні зламаў руку міліцыянту, паведамляе МУС. Ён з'ехаў за мяжу, але пасля нелегальна вярнуўся. У РБ на яго была распачата крымінальная справа.
Позна ўвечары ў сераду ў Гродне ў раёне гаражоў мужчыну спынілі міліцыянты. Ім ён падаўся "падазроным". Дакументаў пры ім не было, а "названыя асабістыя даныя адсутнічалі ў базе". Яго вырашылі даставіць у пастарунак "для высвятлення асобы". Мужчына аказаў супраціў. Уцякаючы, ён скокнуў у раку, але ў выніку быў затрыманы.
Высветлілася, што затрыманаму 33 гады. Ён быў у вышуку за "гвалт у дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" — у жніўні 2020-га распыліў газавы балончык у твар міліцыянтам. Колькі мужчына быў на нелегальным становішчы ў Беларусі, не ўдакладняецца.
Затрыманы — гэта Мікіта Самарын, былы палітвязень, мяркуюць праваабаронцы. У снежні 2020 года яго асудзілі на 4 гады "хіміі" за распылены ў твар амапаўца газ. У сакавіку 2021-га замянілі прысуд на 2,5 года калоніі, але Самарын у суд не з’явіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.