Лукашэнка раскрытыкаваў прапанову скараціць спіс тавараў з рэгуляванай цаной

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе / прэс-служба Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 28 сакавіка раскрытыкаваў прапанову прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына скараціць спіс тавараў з цэнавым рэгуляваннем.

Дзесяць дзён таму Турчын прапанаваў перагледзець спіс тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. На думку чыноўніка, у такім спісе павінны застацца толькі тыя пазіцыі, якія "хвалююць большасць людзей і ўплываюць на малазабяспечаныя неабароненыя пласты насельніцтва".

Цяпер Лукашэнка прыгадаў тую прапанову і абрынуўся з рэзкай крытыкай на кіраўніка ўрада: "Новы прэм'ер-міністр пачынае варушыць старызну, што: "Ну чаго там мы парымся, давайце скароцім напалову або на траціну кантраляваныя тавары, хай яны (прадаўцы. — Рэд.) самі там павялічваюць кошт як хочуць, а вось гэтыя сацыяльна значныя тавары — гэта важна". А хто сказаў, што гэта сацыяльна значныя? Дапусцім, аўтамабіль для нас ужо перастаў быць сацыяльна значным. Ці ён сацыяльна значны? Або залаты пярсцёнак? /.../ Дык гэта не сацыяльна значны тавар? Быццам не".

Прапанову памяняць канцэпцыю цэнаўтварэння ён назваў "старымі шляхамі".

Таксама Лукашэнка папракнуў Турчына і яго ўрад, што тыя не бачаць прадпрымальнікаў. А бізнесоўцы, маўляў, "раскідалі свой заробак у розных банках", атрымліваюць "у 100 разоў" больш за шараговых супрацоўнікаў кампаній і "вывозяць капітал за межы краіны".

Паводле Лукашэнкі, пракуратура маўчыць на гэты конт, а яму самому расказалі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю. А Турчына, нібыта, не паінфармавалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.