Калі Расія нападзе на Літву: якая роля Беларусі?

Вучэнні

Вучэнні / "Ваяр"

“Пытанне ў тым, ці пойдзе беларуская армія разам з расійскімі вайскоўцамі”, — так у эфіры Еўрарадыё гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман каментуе апошнія прагнозы нямецкага гісторыка Зёнкэ Найтцэля ў выданні BILD. Паводле іх, Пуцін нападзе на Літву ўжо ў 2025 годзе.

Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што Беларусь у 2022 годзе ўжо дапамагала Расіі заходзіць ва Украіну і з яе тэрыторыю былі ўдары. Таму ролю Беларусі ў магчымым нападзе на краіну NATO вызначыць тое, ці падтрымае рэжым Лукашэнкі Расію і ці возьме ўдзел у гэтым беларускае войска.

“Гэта пытанні, якія застаюцца адкрытымі, іх у разважаннях Найтцэля няма. І гэта таксама гаворыць пра стаўленне да Беларусі. Яе як самастойнага фактару ў гэтых разважаннях няма. З пункту гледжання Найтцэля, ёсць Беларусь, якая цалкам залежная ад Расіі. І ўсё, што Расія пажадае зрабіць, яна зробіць”, — кажа Фрыдман.

Эксперт адзначае, што калі з’яўляюцца такія публікацыі, варта сачыць, як на іх рэагуе прапаганда — беларуская ці расійская.

“Нейкія расійскія рэакцыі на гэта былі. А вось беларуская дзяржаўная прапаганда робіць выгляд, што не заўважыла гэтага. Я думаю, гэта невыпадкова. Ім проста няма што адказаць на гэтыя сцэнары. Можна было проста сказаць, як заўсёды, што “гэта лухта, мы нікуды не збіраемся, ні на кога не збіраемся нападаць, гэта нас не датычыць”. Няма нават такой рэакцыі, таму застаюцца пытанні”, — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.