Сілавіка знялі з пасады дырэктара Гродзенскага драмтэатра

Вольга Багдановіч / sb.by
У Гродзенскім драматычным тэатры памянялі дырэктара. Замест сілавіка Ігара Гедзіча кіраўніцай тэатра паставілі Вольгу Багдановіч, піша hrodna.life.
Дагэтуль яна была начальніцай аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Доўгі час жанчына працавала ў сферы культуры. Яе прызначэнне на пасаду прымеркавалі да Сусветнага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка.
Багдановіч не раз была галоўнай рэжысёркай такіх гарадскіх святаў, як дзень горада і Фестываль нацыянальных культур, у тым ліку ў 2024 годзе. У 2024 годзе ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама павіншавала яе з атрыманнем высокай узнагароды ад Аляксандра Лукашэнкі, але падрабязнасці пра гэтую ўзнагароду не ўдакладняюцца.
Ігар Гедзіч, які кіраваў тэатрам з 2012 года — былы начальнік групы ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл, палкоўнік запасу, дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі. У тэатр на кіраўнічую пасаду ён трапіў пасля 23-гадовай службы ў войску.
Як нагадвае hrodna.life, Гедзіч актыўна ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць тэатральнага калектыву пасля выбараў 2020 года. Значная частка трупы, у тым ліку галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка, была звольненая. Калектыву давялося мяняць рэпертуар і шукаць новых актораў. У 2023 годзе Гедзіч быў уключаны ў санкцыйны спіс Польшчы ў ліку 365 асобаў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.