Дарадца Зяленскага прапанаваў Пуціну "праглынуць некалькі таблетак"

Уладзімір Пуцін / scmp.com
Дарадца ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Дзмітрый Літвін прапанаваў Уладзіміру Пуціну "проста праглынуць некалькі таблетак для актывізацыі мозгу", калі "ён спрабуе разабрацца, з кім яму супрацоўнічаць" для заканчэння вайны, піша hromadske.ua. Так у Кіеве адрэагавалі на прапанову расійскага кіраўніка ўвесці ва Украіне "часовую адміністрацыю", якая дазволіла б правесці новыя выбары і падпісаць ключавыя пагадненні для дасягнення ўрэгулявання ў вайне. Дзейныя органы ўлады ва Украіне, як і прэзідэнта, Пуцін лічыць "нелегітымнымі".
Падчас візіту ў Мурманск Уладзімір Пуцін сказаў, што "часовая адміністрацыя" магла б быць уведзеная "пад эгідай ААН". І прапанаваў абмеркаваць гэта з ЗША, еўрапейскімі краінамі, "партнёрамі і сябрамі" РФ. Далей ва Украіне мусілі б прайсці выбары. І толькі пасля іх правядзення ён гатовы пачаць перамовы з новымі ўкраінскімі ўладамі "аб заключэнні мірнай дамовы", каб падпісаць "легітымныя дакументы, якія будуць прызнаныя ва ўсім свеце і будуць надзейнымі".
Расійскі кіраўнік падкрэсліў, што гэта "толькі адзін з варыянтаў".
Заява Уладзіміра Пуціна прагучала на фоне спробаў ЗША ўрэгуляваць канфлікт шляхам аднаўлення сувязяў з Расіяй і правядзення асобных перамоваў як з Масквой, так і з Кіевам. Відавочна, такімі прапановамі Пуцін проста зацягвае перамовы, якія арганізуюць Злучаныя Штаты.
Неназваны прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША (кансультацыйнага органа пры амерыканскім прэзідэнце) сказаў Reuters, што кіраванне ва Украіне вызначаецца яе Канстытуцыяй і народам краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.