У Мінску створаць першы атрад "народнага апалчэння"

"Народнае апалчэнне" ў Мінску / "Мінск-Навіны"
Вучэнні для ўдзельнікаў атрадаў народнага апалчэння правяла мінская міліцыя ў сталічнай сярэдняй школе №197 імя Герояў 120-й дывізіі.
У каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву "Мінск-Навіны" намеснік начальніка аддзела па абароне дзяржаўных сакрэтаў, мабілізацыйнай рабоце і пытанняў абароны Мінгарвыканкама Юрый Шубіч заявіў, што такія вучэнні плануецца праводзіць раз у квартал. А першы атрад "народнага апалчэння" створаць у Кастрычніцкім раёне Мінска ў канцы верасня. "Яго першачарговая задача — падтрымліваць парадак у раёне", — патлумачыў чыноўнік.
Атрады так званага "народнага апалчэння" ў Беларусі пачалі ствараць у 2022 годзе з лаяльных рэжыму Лукашэнкі людзей — нярэдка былых міліцыянтаў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, паляўнічых. Раней паведамлялася пра іх стварэнне ў раёнах і невялікіх паселішчах. Задачай такіх атрадаў называлася дапамога міліцыі ў сваіх населеных пунктах у змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі", у ахове розных аб'ектаў. Сёлета "народнае апалчэнне" падключалі да аховы выбарчых участкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.