Карпянкоў — пра апалчэнне: мужыкі, якія служылі ў Савецкай Арміі ў 1970-1980-я

Апалчэнцы / mlyn.by
У Беларусі сотні чалавек, якія жадаюць уступіць у атрады народнага апалчэння, таму сярод іх ідзе адбор. Пра гэта ў гутарцы з дзяржвыданнем "СБ. Беларусь сегодня" заявіў камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў.
Паводле яго, у атрады апалчэння набіраюць па 150-200 чалавек — для арганізацыі ўпарадкаванай сістэмы падрыхтоўкі і эфектыўнага размеркавання.
"Гэта сур'ёзныя мужыкі, якія служылі ў Савецкай Арміі ў 70-я і 80-я гады. Яны так моцна матываваныя і гатовыя абараняць сваю Радзіму, што пасля кожнага занятку пытаюцца: "Калі наступны збор? І дайце нам, калі ласка, паболей патронаў", — Карпянкоў так апісаў кантынгент апалчэння.
Нескладана палічыць, што людзям, якія служылі ў Савецкай Арміі ў 1970-я, сёння ўжо далёка за 60 — гэта пенсіянеры.
Пра народнае апалчэнне ўпершыню загаварыў Лукашэнка ў траўні 2022-га. У 2023 годзе быў прыняты адпаведны законапраект. Але ў некаторых раёнах Беларусі атрады народнага апалчэння сфармавалі яшчэ да таго, як з'явіўся закон.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.