Доказы дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей не выдалялі — Дзярждэп ЗША

Украінскія дзеці

Украінскія дзеці / Reuters

Доказы дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей не выдалялі, заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус. Інфармацыю пра магчымае выдаленне звестак пра дзяцей яна назвала "тэорыяй змовы". Гэтыя даныя "знаходзяцца пад кантролем" Дзяржаўнага дэпартаменту.

Спыненне фінансавання ініцыятывы, якая адсочвала звесткі пра ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію, пацвердзілася. Праектам займалася група даследчыкаў з Ельскага ўніверсітэта. Цяпер высвятляецца, ці адпавядаюць фінансавыя выдаткі інтарэсам ЗША.

Напярэдадні стала вядома, што пасля таго, як Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спыніла фінансаванне згаданай ініцыятывы, эксперты страцілі доступ да базы даных, дзе змяшчалася інфармацыя пра больш за 35 тысяч выкрадзеных украінскіх дзяцей. І яны не могуць перадаваць звесткі ў Міжнародны крымінальны суд. Менавіта гэтая інфармацыя стала падставай для рашэння МКС пра выдачу ордараў на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай.

Заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі ЗША падрыхтавалі калектыўны ліст дзяржсакратару Марка Рубіа і міністру фінансаў Скоту Бесенту з заклікам аднавіць праграму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.