Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна
Уладзімір Пуцін / Reuters
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МКС) выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.
У прэс-рэлізе МКС гаворыцца: "Сёння, 17 сакавіка 2023 года, другая палата дасудовага разбору Міжнароднага крымінальнага суда выдала ордэры на арышт дзвюх асоб у кантэксце сітуацыі ва Украіне: сп. Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і сп-ні Марыі Аляксееўны Львовай-Бяловай".
МКС падазрае, што абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю насельніцтва і незаконны перавод насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю на шкоду ўкраінскім дзецям.
Еўрарадыё паведамляла ўжо, што МКС пачаў дзве крымінальныя справы аб ваенных злачынствах, звязаных з уварваннем Расіі ва Украіну. Расію абвінавацяць у выкраданні ўкраінскіх дзяцей і наўмысным нанясенні ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры.
У сённяшнім паведамленні гаворыцца, што звычайна суд не раскрывае імёны асобаў, на якіх выдаюцца ордэры. Аднак гэтым разам вырашана назваць імёны ў інтарэсах правасуддзя і ў спадзяванні, што веданне грамадскасці пра гэтыя ордэры "можа спрыяць прадухіленню далейшага здзяйснення злачынстваў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.