Каардынацыйная рада pазбіраецца ў знікненні Анжалікі Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава / Народное антикризисное управление
Каардынацыйная рада накіравала афіцыйны зварот да донараў з запытам, ці ажыццяўляліся пераводы сродкаў на рахунак фонду Анжалікі Мельнікавай, прызначаныя для дзейнасці Рады.
"Заклікаем прадстаўнікоў СМІ і грамадскасці ўстрымацца ад распаўсюджвання непацверджанай інфармацыі і спекуляцый, якія могуць нанесці шкоду як самой Анжаліке, так і яе блізкім. Цяпер наша галоўная задача — гэта забеспячэнне бяспекі і ўстанаўленне яе месцазнаходжання. Звяртаемся да ўсіх з просьбай праяўляць адказнасць і чалавечнасць у гэтай складанай сітуацыі", — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у тэлеграм-канале КР.
Каардынацыйная рада працягвае маніторыць сітуацыю. На дадзены момант месцазнаходжанне Анжалікі застаецца невядомым, пошукавыя работы працягваюцца.
"Паводле апошніх звестак ад польскіх праваахоўных органаў, месцазнаходжанне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і яе дачок не ўстаноўлена. Прадстаўнікі польскіх уладаў запэўнілі, што вядуцца актыўныя дзеянні па пошуку і вызначэнні іх месцазнаходжання. Дасягнута дамоўленасць аб узаемным абмене інфармацыяй і рэгулярным інфармаванні беларускай грамадскасці. Мы будзем падаваць толькі дакладную і правераную інфармацыю, якая датычыцца знікнення спікеркі Рады", — паведаміў Павел Латушка.
"Мы хвалюемся за лёс Анжалікі Мельнікавай. Чакаем афіцыйнай інфармацыі ад польскіх органаў і Каардынацыйнай рады па гэтай справе", — паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
Нагадаем, што ў сакратарыяце Рады паведамілі: Анжаліка Мельнікава доўгі час не выходзіла на сувязь, і ёсць здагадка, што яна пакінула тэрыторыю Еўрасаюза. Выконваць абавязкі спікеркі будзе віцэ-спікерка Стася Гліннік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.