"Яшчэ адна спроба рэжыму зарэтушаваць нашу гісторыю" — Ціханоўская

Аляксандр Лукашэнка едзе па Мінску, 25 сакавіка 2025-га / president.gov.by
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала "інаўгурацыю" Аляксандра Лукашэнкі ў Дзень Волі. "Учора, пакуль беларусы па ўсім свеце святкавалі Дзень Волі, Лукашэнка правёў так званую "інаўгурацыю" — пусты, бессэнсоўны спектакль, у якім самотны чалавек чарговы раз прысягнуў сам сабе, — піша яна. — Гэта не быў акт народнага прызнання ці легітымнай перадачы ўлады — гэта было пашытае з адчаю шоу рэжыму ў спробе пераканаць народ у яго ж падтрымцы".
Ціханоўская перакананая, што "інаўгурацыя" — гэта не дэманстрацыя сілы, а прызнанне трывогі: "Лукашэнка баіцца Дня Волі, баіцца гістарычнай памяці, баіцца праўды. Але Беларусь — гэта не ён. Беларусь — гэта людзі, якія не забудуць гвалт, не даруюць здраду і не прымуць хлусні прапаганды. Гэта людзі, якія шануюць сваю ідэнтычнасць, культуру і незалежнасць. Ніякія фармальныя цырымоніі і паказныя прысягі не здольныя змяніць гэты факт. Учорашні дзень стаў яшчэ адной спробай рэжыму зарэтушаваць нашу гісторыю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.