У Беларусі за "экстрэмісцкія фармаванні" асудзілі не менш за 258 чалавек

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца / novychas.online
У Беларусі за "стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" асудзілі не менш за 258 чалавек. З іх 58 чалавек судзілі завочна, паведамляюць праваабаронцы. Яны адзначаюць, што ў апошнія гады рэжым Лукашэнкі "маштабна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу іншадумцаў". На 27 сакавіка 2025-га КДБ і МУС прызналі ў Беларусі 269 "экстрэмісцкіх фармаванняў".
Паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ ("стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім") былі асуджаныя мінімум 22 журналісты і 11 блогераў, 6 юрыстаў і адвакатаў, 24 актывісты, 10 былых сілавікоў, 31 палітыкі, 19 дзеячаў культуры. Сярод асуджаных 41 жанчына.
Першы прысуд паводле арт. 361-1 КК (у спалучэнні з іншымі артыкуламі) быў вынесены 6 верасня 2021 года Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку па "справе Каардынацыйнай рады", якую ў РБ прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.