У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў калоніях у Беларусі

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі / Euroradio
У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў папраўчых калоніях у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі заклікалі "прыняць меры".
26 сакавіка з заклікам выступілі незалежныя эксперты па правах чалавека, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і працоўныя групы па адвольных затрыманнях і гвалтоўных знікненнях.
"Мы глыбока занепакоеныя суровым абыходжаннем з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі... 2020 года", — гаворыцца ў заяве. У ёй выказваецца заклапочанасць небяспечным для жыцця станам палітзняволенай Вікторыі Кульшы, а таксама палітзняволеных Алены Гнаук, Вольгі Маёравай і Ірыны Такарчук.
"Кепскія ўмовы ўтрымання ў спалучэнні з наўмысным жорсткім абыходжаннем, уключна з штрафным адзіночным зняволеннем, ставяць іх здароўе ў сур'ёзную небяспеку, — гаворыцца ў заяве. — Больш за тое, паведамленні аб доўгім утрыманні Алены Гнаук без сувязі са знешнім светам сведчаць аб тым, што расце небяспека яе гвалтоўнага знікнення".
У ААН устрывожаныя тым, што ў Беларусі не вырашаюцца праблемы з "шырока распаўсюджаным жорсткім абыходжаннем з жанчынамі-зняволенымі і пажылымі зняволенымі". Занепакоеныя там і з нагоды злоўжывання заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам. Урад РБ заклікаюць прывесці гэтыя законы ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.