Як акунуцца ў палонку без шкоды для здароўя? Парады дактароў
Што раіць доктар?
На Вадохрышча прынята акунацца ў палонку, і гэтую традыцыю падтрымліваюць шмат беларусаў. Але гэта можа быць выпрабаваннем нават для здаровых людзей, бо гэта сур’ёзны стрэс для арганізма. Як акунуцца ў палонку на Вадохрышча без шкоды для здароўя? Чытайце парады ад дактароў.
Пра тое, каму не рэкамендуецца даваць нырца ў палонку на Вадохрышча, расказаў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па агульнай урачэбнай практыцы, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, к.м.н., дацэнт Вадзім Сушынскі.
Каму супрацьпаказана акунацца ў палонку?
У першую чаргу, па словах Вадзіма Сушынскага, купанне ў палонцы супрацьпаказана людзям з хранічнымі захворваннямі, асабліва ў стадыі абвастрэння. Акрамя гэтага, з-за магчымых ускладненняў ныраць у халодную ваду не рэкамендуецца:
- людзям з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі;
- пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы;
- хворым на эпілепсію;
- калі раней былі выпадкі нават кароткачасовай страты прытомнасці.
Для дзяцей, у якіх сістэма тэрмарэгуляцыі не гатовая да такіх перагрузак, падобныя выпрабаванні будуць шкодныя, а пераахаладжэнне надыходзіць значна раней, чым у дарослых.
Для цяжарных жанчын працэдура небяспечная надыходам заўчасных родаў. Апусканне ў халодную ваду таксама можа быць небяспечна для пажылых людзей, многія з якіх маюць сур'ёзныя хранічныя захворванні.
— Пры купанні ў ледзяной вадзе магчыма пагаршэнне цячэння наяўных захворванняў або іх абвастрэнне. Гэта адносіцца да запаленчых захворванняў, хвароб суставаў, цукровага дыябету. Для кагосьці такое купанне цягне за сабой пераахаладжэнне, развіццё прастудных захворванняў. Менавіта таму, прыняўшы рашэнне акунуцца ў палонку, напярэдадні варта пракансультавацца з урачом.
Ды і рабіць гэта трэба, дадаў эксперт, толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, дзе арганізавана дзяжурства медыцынскіх работнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.