Продажы грузавікоў МАЗ у Расіі падаюць, а аўтобусаў — абрынуліся

У 2024 годзе МАЗ у Расіі прадаў на 15% менш буйнатанажных грузавікоў і амаль на 50% менш аўтобусаў, чым у 2023 годзе / maz-rus.com
У 2024 годзе МАЗ прадаў у Расіі 5309 буйнатанажных грузавікоў (HCV), у той час як у 2023 годзе гэты паказчык склаў 6228 штук, паведамляе агенцтва «АВТОСТАТ». Адзначым, што да сегмента HCV адносяцца грузавыя аўтамабілі поўнай масай больш за 16 тон.
У снежні 2024 года МАЗу ўдалося прадаць 569 грузавікоў, апярэдзіўшы кітайскія Dongfeng (396 адзінак) і Howo (278 адзінак) і заняўшы пятае месца ў рэйтынгу продажаў. Гэта вышэй за снежаньскія продажы 2023 года на 7%. У мадэльным рэйтынгу ў снежні лепш за ўсё прадаваліся грузавікі МАЗ 6312, рост склаў 18,8%.
З продажам новых сярэднетанажных грузавікоў (MCV) у Расіі ў МАЗа справы крыху лепшыя. У мінулым годзе прадпрыемства рэалізавала 144 грузавікі, у той час як годам раней — 109.
Зусім дрэнна ў 2024 годзе ў МАЗа ў Расіі было з продажамі аўтобусаў. Паводле дадзеных аналітычнай кампаніі АСМ-холдынг, яны абрынуліся на 45,5%. Калі ў 2023 годзе было прададзена 925 новых аўтобусаў, то ў мінулым годзе — усяго 504.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.