Хакейны клуб "Дынама-Мінск" перанёс хатнія матчы, прызначаныя перад выбарамі
Хакей, ілюстрацыйнае фота
Хакейны клуб "Дынама-Мінск" перанёс пяць хатніх матчаў у Кантынентальнай хакейнай лізе ў наступным годзе. Усе яны мусілі прайсці на "Мінск-Арэне"
Пад пераносы трапілі сустрэчы дынамаўцаў з "Тарпеда" (замест 18 студзеня матч пройдзе 6 студзеня), "Куньлунем" (замест 20 студзеня — пакуль невядомы дзень), "Спартаком" (замест 22 студзеня — 27 лютага), "Авангардам" (замест 24 студзеня — 2 лютага) і "Віцязем" (замест 2 лютага — 13 лютага).
Прычыну пераносаў не называецца, пра форс-мажорныя абставіны таксама не паведамляецца. Чатыры з перанесеных матчаў мусілі прайсці ў тыдзень перад прэзідэнцкімі выбарамі, прызначанымі на 26 студзеня.
Масавыя пераносы матчаў у любой спартыўнай лізе выглядаюць недарэчна. Гэта закранае і пералёты камандаў, і зручнасці гледачоў, якія загадзя набываюць абанементы і плануюць пайсці на гульню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.