Беларуса ў Польшчы шукаюць за працу на замежную разведку і тэрарызм

Юрый Ворса

Юрый Ворса / t.me/agentstvonews

У Польшчы паліцыя абвясціла ў вышук 32-гадовага беларуса Юрыя Ворсу. Яго падазраюць у працы на замежную разведку, злачынстве тэрарыстычнага характару і ўдзеле ў арганізаванай групе.

Як піша выданне "Агенцтва", у траўні 2024-га Ворса трапіў на фатаграфію Reuters, зробленую на перадавой у Харкаўскай вобласці. У вышук у Польшчы яго абвясцілі сёлета ў кастрычніку.

Паведамляецца, што Ворса з 17 гадоў меў праблемы з законам. Яго рэгулярна штрафавалі за п'яныя бойкі і дэбошы. Двойчы на яго пачыналі крымінальныя справы за збіццё чалавека, але прысуд, наколькі вядома, яму вынеслі толькі адзін раз — 200 гадзін грамадскіх работ. У 2015-м Ворсу з кампаньёнамі падазравалі ў тым, што яны забраліся ў чужое жыллё, збілі гаспадара і скрэлі рэчы на 600 долараў. Пасля чарговай п'янай бойкі ў 2019-м годзе яму амаль на год абмежавалі выезд з краіны.

Ёсць верагоднасць, што Ворса можа быць звязаны з неанацыстамі: у назве яго старонцы "Вконтакте" ёсць лічбы "1488" (адзін з неанацысцкіх сімвалаў).

У жніўні 2020-га Ворсу прысудзілі 15 сутак за ўдзел у палітычных пратэстах. У кастрычніку таго ж года яго дадалі ў базу МУС РБ "Беспарадкі". Увосень 2021-га ён пакінуў Беларусь.

У Польшчы Ворсу абвясцілі ў вышук незадоўга да таго, як стала вядома пра затрыманне ў краіне банды, якая займалася рассылкай паштовых пасылак з выбухоўкай. Пра грамадзянства чатырох затрыманых тады не паведамлялася. Але ў СМІ казалі, што да злачынстваў маглі мець дачыненне яшчэ і іншыя людзі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі