Беларускаму спорту, які знаходзіцца пад санкцыямі, зайздросцяць — Кавальчук

Біятланісты вымушаны выступаць на спаборніцтвах у Расіі

Біятланісты вымушаны выступаць на спаборніцтвах у Расіі / vk.com/belarusbiathlon

Беларускаму спорту, які знаходзіцца пад санкцыямі, "многія краіны" зайздросцяць. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала "Беларусь 5" выказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Ён лічыць, што "перспектывы ўсюды добрыя", а ў краіне "створаны цудоўныя ўмовы ва ўсіх відах спорту".

Кавальчук у санкцыях знайшоў "пазітыў" (ён яго знаходзіў і раней, найперш — эканомія сродкаў): "Дзякуючы санкцыям у нас з'явілася магчымасць пільна паглядзець на рэзервы ў розных відах спорту". І што ж там чыноўнік пабачыў? "Сёння ў мужчынскім біятлоне можам выставіць каманду і годна прадстаўляць краіну, — кажа міністр. — У дзяўчат дзве каманды можам выставіць, мы бачым глыбіню".

Толькі змаўчаў Сяргей Кавальчук, што перспектывы насамрэч цмяныя. Санкцыі з таго ж біятлону не плануюць здымаць, і біятланісты выступаюць на спаборніцтвах у Расіі.

Нават у РФ разумеюць, што санкцыі вядуць да дэградацыі спорту. Але міністр спорту РБ бачыць толькі "развіццё".

Санкцыі на беларускі спорт былі накладзены ў 2022-м з-за расійскай агрэсіі супраць Украіны. У далейшым некаторыя беларускія спартоўцы атрымалі магчымасць выступаць у нейтральным статусе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі