Мазырчука асудзілі за тое, што прывязваў сына да батарэі
Батарэя, ілюстрацыйнае фота
Жыхара Мазырскага раёна асудзілі на два гады калоніі з адтэрміноўкай за тое, што прывязваў сына да батарэі. Ён хацеў, каб дзіця не ўцякала з дому і рабіла ўрокі.
Як паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці, 12-гадовы падлетак апошнія два гады трапляўся на крадзяжах. Да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці яго не прыцягвалі, бо ён не дасягнуў належнага ўзросту.
Выхаваннем хлопчыка займаўся толькі бацька. Маці падлетка памерла ў 2015 годзе. Сцвярджаецца, што хлопчык цалкам выйшаў з-пад кантролю бацькі, бо той увёў занадта шмат абмежаванняў.
На судзе мужчына сказаў, што далучаў сына да працы і дапамогі па дому, прапаноўваў сумесны вольны час. Але, маўляў, хлопчык нічым не цікавіўся і стараўся ўцячы з дому. Каб той не сыходзіў без дазволу і рабіў урокі, бацька прывязваў яго да батарэі металічным тросікам.
Паведамляецца, што на судзе выступілі таксама завуч школы і класны кіраўнік. Яны заявілі, што ў падлетка "нізкая вучэбная матывацыя", ён не жадае весці законапаслухмяны лад жыцця, мае схільнасць да бадзяжніцтва. Прафілактычная работа з боку школы і інспекцыі па справах непаўналетніх плёну не далі.
У выніку падлетка адправілі ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову для непаўналетніх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.