Беларусь трэба абмяркоўваць на мірных перамовах па Украіне — Кізім

Ігар Кізім

Ігар Кізім

На мірных перамовах па Украіне Беларусь павінна стаць часткай абмеркавання. Аднак незразумела, хто павінен прадстаўляць Беларусь. Пра гэта заявіў украінскі амбасадар па асаблівых даручэннях Ігар Кізім.

"На маю думку, перамовы па спыненні вайны павінны ўключаць абмеркаванне таго, якое месца ў будучай канфігурацыі рэгіянальнай бяспекі будзе займаць Беларусь, якія будуць гарантыі таго, што з тэрыторыі Беларусі не паўторыцца расійскае ўварванне і не будуць зноў наносіцца ракетныя і бомбавыя ўдары", — прыводзіць яго словы Reform.news.

Дыпламат кажа, што невядомы ні фармат будучых перамоваў, ні час, калі яны могуць адбыцца. У сувязі з гэтым, цяжка сказаць, хто і ў якім фармаце павінен прадстаўляць Беларусь.

"Адно можна сказаць дакладна: калі Лукашэнка і будзе запрошаны па патрабаванні Пуціна, то ён павінен сядзець па той бок — як суагрэсар, як актыўны саўдзельнік агрэсіі", — дадае Кізім. Паводле яго, Лукашэнка не можа быць пасярэднікам у мірных перамовах, і гэта дамінуючыя пазіцыя ў меркаваннях ва Украіне.

Амбасадар згадвае, што Украіна мела неблагія гандлёва-эканамічныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі: "Але падтрымаўшы расійскую агрэсію, мне здаецца, Лукашэнка назаўжды страціў для Беларусі пяцімільярдны прэміяльны ўкраінскі рынак".

Кізім кажа, што цяпер прамысловасць Беларусі перабудавалася на абслугоўванне расійскага вайскова-прамысловага комплексу. Але як толькі расіяне самі навучацца вырабляць адпаведныя тавары, "ён стане не патрэбны і Пуціну, ён апынецца ля разбітага карыта".

І сам Лукашэнка, і прадстаўнікі яго рэжыму неаднаразова заяўлялі пра сваё жаданне ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне. Пра неабходнасць улічваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі на такіх перамовах казаў і кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі. Мяркуецца, што такія перамовы могуць пачацца пасля інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якая адбудзецца на пачатку 2025 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі