"Непадкупны" дыпламат РБ у Малдове — кадравы супрацоўнік КДБ

Уладзімір Зубкоў крайні злева

Уладзімір Зубкоў крайні злева / moldova.mfa.gov.by

Беларускі дыпламат з пасольства РБ ў Малдове, якога нібыта спрабавалі завербаваць у Кішынёве польскія спецслужбы, — гэта Уладзімір Зубкоў. Ён з'яўляўся супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, даведаўся Reform.news.

Прапаганда сцвярджала, што польскі дыпламат прапанаваў беларусу 100 тысяч еўра за працу на спецслужбы Польшчы. Але той не толькі адмовіўся ад супрацоўніцтва, але і змог запісаць іх размову і нават зняць частку сустрэчы на відэа. Прозвішча дыпламата, які валодае спецыфічными навыкамі, не называлася, толькі імя — Валодзя. Інтэрв'ю з ім запісвалася са спіны, твар быў схаваны. Але ў пасольстве падыходзіць толькі адзін чалавек — гэта Уладзімір Зубкоў.

Выданне высветліла, што яму 40 гадоў. Ён вучыўся ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, паступіў у Вайсковую акадэмію на факультэт пагранічных войскаў. Далей было Галоўнае ўпраўленне КДБ Беларусі, у якім ён у 2015 годзе працаваў на пасадзе "галоўны рэферэнт аддзела ГУ КДБ РБ". Кіберпартызаны пацвердзілі, што ў пасольстве Беларусі ў Малдове ў якасці дарадцы працуе той самы кадравы супрацоўнік КДБ Уладзімір Анатольевіч Зубкоў.

Сітуацыя з "вярбоўкай беларускага дыпламата" выглядае як спецаперацыя КДБ па дыскрэдытацыі польскіх спецслужбаў. Польскія дыпламаты павяліся на правакацыю, якую супрацоўнікі дзяржбяспекі РБ арганізавалі на тэрыторыі Малдовы. Пасля яе ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і ўручылі яму ноту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі