Інтарэсы Беларусі пры перамовах па Украіне нельга ігнараваць — Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі / Еўрарадыё
Падчас будучых мірных перамоваў па Украіне павінны быць прадстаўленыя і інтарэсы Беларусі. Пра гэта на канферэнцыі ў Еўрапарламенце заявіў кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі.
Раней пра сваё жаданне ўдзельнічаць у такіх перамовах заяўляў і Лукашэнка. У каментары reform.news Кавалеўскі патлумачыў, чым адрозніваецца яго пазіцыя.
На яго думку, Лукашэнку наўрад ці дапусцяць на такія перамовы, бо мінскі рэжым актыўна саўдзельнічаў у вайне, прычым яшчэ і адмаўляе гэта. Але і беларускім дэмсілам цяжка разлічваць на свой удзел у перамовах.
"Што мы можам рабіць — гэта даводзіць інфармацыю пра агульныя нацыянальныя інтарэсы Беларусі ў гэтым працэсе. У гэтыя інтарэсы, безумоўна, уваходзіць выключэнне расійскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі, безумоўна — вывад ядзернай зброі з яе тэрыторыі, безумоўна — гэта лёс беларускіх ваеннапалонных, якія ваявалі за Украіну і цяпер знаходзяцца ў расійскім палоне", — кажа Кавалеўскі.
Таксама ён лічыць важным уключыць у перамовы і ўнутрыбеларускую сітуацыю. Бо менавіта праз цяжкі палітычны крызіс і рэпрэсіі Беларусь настолькі моцна трапіла пад расійскі ўплыў. "Для таго каб выключыць паўтарэнне гэтага, у інтарэсах міжнароднай супольнасці — пераадоленне гэтага крызісу ў Беларусі. Беларусь павінна зноў стаць адказным міжнародным гульцом, які прытрымліваецца дамоўленасцяў і абавязацельстваў", — тлумачыць ён.
Кавалеўскі мяркуе, што ў мірных перамовах могуць прыняць удзел беларускія эксперты — у якасці кансультантаў. Ён спадзяецца, што Еўрапарламент падтрымае яго ідэю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.