Шлях Лукашэнкі да "справядлівых" цэн. Што ён нагаварыў за 20 гадоў

Што казаў Лукашэнка пра цэны за апошнія 20 гадоў
Лукашэнка ўвесь час кажа, што ў Беларусі трэба распрацаваць "справядлівую" формулу цэнаўтварэння.
Але ні ў адным падручніку эканомікі тэрміна "справядлівае цэнаўтварэнне" няма. І калі такую форму беларускага сацыялізму яшчэ шукаюць, то, атрымліваецца, раней цэны ў краіне былі несправядлівымі?
Еўрарадыё паглядзела, што Лукашэнка казаў пра цэнаўтварэнне апошнія 20 гадоў: гэтая тэма — яго даўні пункцік.
"У нас і так цэны прыстойныя"
У снежні 2004 года на нарадзе па праграме "адраджэння вёскі" Лукашэнка раскрытыкаваў чыноўнікаў і заявіў, што нельга павышаць цэны перад святамі паводле прыкладу суседзяў (імаверна, намякаючы на Расію).
— Навошта падвышаць цэны? Проста каб сапсаваць настрой людзям? Такога быць не павінна. Раз мы дэкларуем, што галоўнае для нас — людзі, мы павінны абараняць іх інтарэсы. Мы не дазволім ніякага руху ў цэнаўтварэнні. У нас і так цэны прыстойныя — яны пакрываюць выдаткі на вытворчасць і аказанне гандлёвых паслуг.
Акрамя гэтага, Лукашэнка даручыў адкаціць назад цэны на бензін і забараніў павышаць іх больш чым на 2,3% у квартал. Зноў адрэгуляваў.
— Чэснае слова, як дзеці малыя. Ад вас запалкі ў доме трэба хаваць, бо дом спаліце. Ледзь адвернешся — дакладна дом спаліце.
"Шалёнае цэнаўтварэнне"
У 2011 годзе Лукашэнка назваў цэнаўтварэнне, якое прапаноўваў урад, "шалёным" і загадаў з ім "разабрацца".
Тады ён лічыў, быццам праблема з інфляцыяй звязаная з тым, што "ў Беларусі практычна няма антыманапольнага заканадаўства", а таму прадаўцы часам могуць "беспакарана дамаўляцца пра цану тавараў".
— Таму ўсё, разбой скончыўся. Інакш з чым мы да Новага года прыйдзем? Трэба на людзей глядзець больш. Вядома, людзі павінны самі варушыцца, працаваць, але і нельга людзей кожны дзень "забіваць" гэтымі цэнамі.
"Людзі вельмі незадаволеныя"
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года Лукашэнка сабраў нараду з Саўмінам і зноў раскрытыкаваў міністраў за рост цэн.
— Людзі вельмі незадаволеныя сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю. Возьмем адно пытанне: хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння (а яно звычайна вядзе да росту цэн) кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэню? Вытворца? Зусім не.
Крамах і сеткам гандлю проста забаранілі павялічваць цэны. А за парушэнні жорстка штрафавалі.
"Справядлівае цэнаўтварэнне" прыводзіць да зніжэння рэнтабельнасці гандлёвых аб'ектаў. У выніку сітуацыя пагаршаецца і для іх, і для пакупнікоў, бо асартымент звужаецца, а некаторыя крамы не перажываюць такую "справядлівасць". Акрамя таго, пакуль улады стрымліваюць цэны на адны тавары, іншыя даражэюць яшчэ больш — і беларусы адчуваюць гэта на сваіх кашальках.
Але і гэтай цэнавай палітыкай Лукашэнка, здаецца, застаўся незадаволены. Да прыкладу, нядаўна ён жорстка прайшоўся па чыноўніках у сувязі з вялікім ростам цэн на бульбу.
Цяпер урад распрацоўвае тую самую "справядлівую" палітыку цэнаўтварэння і прапанаваў Лукашэнку на разгляд два варыянты: кароткатэрміновы і сярэднетэрміновы.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў расказаў, што за аснову ўзяты першы варыянт. Яго сутнасць — у карэкціроўцы сістэмы рэгулявання цэн, якая склалася, нівеляванні дысбалансаў, працы над памылкамі.
— Прэзідэнтам прыняты такі падыход, даручана яго дапрацаваць сумесна з дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і бізнесам і ўнесці да 1 красавіка, лепш — да 25 сакавіка.
Сярэднетэрміновы варыянт прадугледжвае стварэнне нейкай сістэмы, якая адсочвае ўвесь шлях тавару — ад вытворчасці да продажу. Улады бачаць, хто і за колькі прадае, кантралююць цэны і падаткі, а таксама могуць прадухіляць махінацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.