Вываз смецця — на 41%, вада — на 22%. Як выраслі цэны на камуналку ў Беларусі

Як выраслі цэны на камуналку ў Беларусі / 1prof.by
Беларусам пачалі прыходзіць "пацяжэлыя" жыроўкі ўжо ў лютым 2025 года. Усе камунальныя выплаты — тэхнічнае абслугоўванне, уборка ў пад'ездзе, кошт святла і газу — у сярэднім выраслі.
Еўрарадыё вывучыла плацёжкі беларусаў з розных гарадоў за апошнія некалькі месяцаў і даведалася, на колькі ў іх паднялася камуналка.
"Заплаціў на 30 рублёў больш"
Канстанцін жыве ў Наваполацку адзін у трохпакаёвай кватэры і кажа, што ў лютым цэннік за камуналку яго непрыемна здзівіў.
"Асабліва значна падаражэла электрычнасць, а адсюль зразумела, што падаражэе і вада, і газ, і ўсё астатняе", — скардзіцца мужчына.
Так, за снежань 2024 года яму налічылі 96 рублёў камунальных плацяжоў, яшчэ 34 рублі ён заплаціў за электрычнасць — разам 130 рублёў.
А ўжо ў лютым Канстанцін атрымаў рахунак за студзень: разам з электрычнасцю атрымалася амаль 160 рублёў.
А ў некага жыроўкі такія ж, як і ў папярэднія месяцы:
"Хз, аднушка ў Мінску 33 кв.м. за снежань было 67 р., столькі ж прыйшло за студзень".
“У мяне такая жыроўка за трошку, а ў вас за аднушку? Калі жыла на з'ёме ў палутарцы, была жыроўка 50 р., нешта дзіўнае тут".
"Не разумею, у мяне двухпакаёвая кватэра, у мінулым месяцы было 85 руб., у гэтым месяцы 80, нават менш".
Наколькі падаражэла камуналка ў Беларусі?
Мяркуючы па жыроўках, якія апынуліся ў нашым распараджэнні, з 1 студзеня на 9% падаражэла тэхнічнае абслугоўванне, плата за капітальны рамонт павялічылася на 8%, халоднае водазабеспячэнне прыбавіла ў цане 22%, аплата за каналізацыю — 9%. Акрамя таго, у некаторых дамах падняліся цэны і за абслугоўванне ліфтаў — цяпер гэта каштуе на 12% больш.
Заўважней за ўсё ў вывучаных жыроўках падскочыў у цане вываз смецця — на 41%.
А тарыфы на электрычнасць, па словах уладаў, павысіліся на 12%.
Цэны на гарачае водазабеспячэнне і ацяпленне засталіся на ранейшым узроўні. Цяпер у Беларусі адзін кубаметр цёплай вады каштуе 24,7187 рубля.
А вось цэны на звадкаваны газ для насельніцтва павялічыліся на 5%: балон на 21 кілаграм у межах нарматыўнага спажывання абыйдзецца ў 24,5 рубля.
І што гэта значыць?
З улікам дзяржаўнага рэгулявання цэн афіцыйная інфляцыя ў Беларусі за 2024 год склала 5,2%. У 2025 годзе ўлады плануюць стрымліваць яе на ўзроўні 5%.
Пры гэтым тавары і паслугі, на якія цэны не рэгулююцца, могуць даражэць на дзясяткі працэнтаў.
Здаецца, тое ж самае адбылося і з камуналкай. Інфляцыя — 5,2%, а падаражанне двухзначнае. А ў сакавіку жыроўкі яшчэ больш "пацяжэюць".
Што кажуць улады?
Першы намеснік кіраўніка МАРГ Іван Вежнявец у эфіры дзяржТБ заявіў, што "ў гэтым годзе нічога нестандартнага не адбылося" — тарыфы павысілі на палову базавай велічыні.
"Кожны год мы пераглядаем тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Гэты год не стаў выключэннем. І ў рамках стандартных працэдур быў прыняты спачатку ўказ кіраўніка дзяржавы, які прадугледжвае найбольшыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, і ў яго развіццё прымаліся рашэнні ўрада і мясцовых органаў улады", — адзначыў чыноўнік.
Нагадаем, 30 студзеня Лукашэнка падпісаў указ №45, якім былі ўстаноўленыя гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі на 2025 год.
Паводле яго павышэнне тарыфаў на камуналку сёлета будзе праведзена ў 2 этапы:
з 1 студзеня — на ўсе паслугі, за выключэннем ацяплення і гарачага водазабеспячэння;
з 1 чэрвеня — на энергію для ацяплення і падагрэву вады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.