Беларусы ўсё менш купляюць айчыннае. МАРГ апублікаваў непрыемныя лічбы

Выпадкова ці не, але рэгулятар апублікаваў цікавыя дадзеныя / РТР
Антыманапольнае ведамства Беларусі прызнала, што доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце змяншаецца шмат гадоў запар.
У 2024 годзе яна склала 56,4%, пры тым што ў 2015-м перавышала 69%.
У харчовым сектары за гэты час доля беларускай прадукцыі знізілася з 82,2% ад агульных продажаў да 76,3%. А па нехарчовых таварах — з 51,1% да 37,3%.
Варта адзначыць, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прадугледжвала павелічэнне долі беларускіх тавараў у рознічных продажах да 2025 года да 63%, у тым ліку харчовых — да 85%.
Не толькі МАРГ кажа пра праблему
Нядаўна чыноўніца Мінгарвыканкама Надзея Лазаравіч паскардзілася, што ў мінскіх крамах знізілася доля беларускіх тавараў. За 2024 год яна скарацілася на 0,9 працэнтнага пункта.
Найбольш істотнае скарачэнне заўважана ў мукамольных і цукровых вырабах, макаронах і крупах. У дзіцячым харчаванні доля беларускіх вырабаў знізілася на 6%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.