Палітвязню-анархісту Мікіту Емяльянаву дадалі год зняволення

Мікіта Емяльянаў на судзе

Мікіта Емяльянаў на судзе / svaboda.org

Палітвязню-анархісту Мікіту Емяльянаву дадалі год зняволення. Хлопец мусіў выйсці на волю сёлета.

Актывіста анархісцкага руху знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў, адзначаюць праваабаронцы "Вясны". У 2020-м Емяльянаву прысудзілі сем гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, аднак апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў.

Пазней хлопца двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення, абвінаваціўшы ў "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). У калоніях Мікіту, як паведамляецца, месяцамі трымалі ў штрафным ізалятары, увесь час на яго аказваюць ціск.

Новы суд над палітвязнем адбыўся на пачатку лютага ў Гродне. Яго зноў абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Суддзя Кірыл Ефімовіч прызначыў Емяльянаву яшчэ год пазбаўлення волі. Агульны тэрмін зняволення Мікіты цяпер складае сем гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.