Жыхара Баранавічаў вінавацяць у спробе забойства крэдытора

Следчы эксперымент у Баранавічах: нападнік паказвае, як засоўваў цела ў багажнік / Следчы камітэт
36-гадовага жыхара Баранавічаў вінавацяць у замаху на забойства. Расследаванне яго справы завяршыў Следчы камітэт. Следства сцвярджае, што мужчына пазычыў 1,5 млн расійскіх рублёў, але грошы вырашыў не вяртаць, а пазбавіцца ад крэдытора.
Абвінавачаны гуляў у анлайн-казіно і неаднаразова пазычаў грошы ў знаёмых. Часам ён выйграваў, і тады вяртаў пазыкі. Сярод крэдытораў быў і пацярпелы.
Чарговы раз прайграўшы пазычаныя грошы, жыхар Баранавічаў зразумеў, што не здолее аддаць пазыку. Ён вырашыў забіць знаёмага. Да забойства мужчына падрыхтаваўся: узяў нож, цырату і рыдлёўку, каб схаваць сляды.
Ён паабяцаў вярнуць пазыку і папрасіў сустрэцца, каб дапамагчы адбуксіраваць аўтамабіль. Насамрэч машына была спраўная, а просьба была для таго, каб завабіць ахвяру ў бязлюднае месца, адзначаюць следчыя.
"Пасля таго як пацярпелы дапамог адбуксіраваць аўтамабіль, абвінавачаны перадаў яму барсетку з сувенірнымі купюрамі. У момант, калі ахвяра пачала пералічваць "грошы", фігурант нанёс удар нажом у вобласць шыі", — паведамляе Следчы камітэт.
Страціўшы сілы ў бойцы, крэдытор прыкінуўся мёртвым. Нападнік загрузіў яго ў багажнік аўтамабіля і паехаў. Аднак пацярпелы здолеў адчыніць багажнік знутры і на хаду выбрацца з машыны. Гэта выратавала яму жыццё.
Падчас следства былі выяўленыя яшчэ пяць пацярпелых, у якіх жыхар Баранавічаў пазычаў грошы. Таксама следчыя раскрылі крадзеж, калі мужчына выкраў з аўтамабіля сумку з грашыма і асабістымі рэчамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.