Упершыню выйшаў на свабоду беларус, асуджаны да пажыццёвага зняволення

Юрый Бяскроўны

Юрый Бяскроўны / калаж "Наша Нівы"

Некалькі тыдняў таму на свабоду выйшаў 47-гадовы жыхар Пружанаў Юрый Бяскроўны. Раней яго асудзілі на пажыццёвае зняволенне за згвалтаванне дзвюх 17-гадовых дзяўчат, адну з якіх ён забіў. Пазней Вярхоўны суд змякчыў яму прысуд.

Бяскроўны стаў першым беларусам, які выйшаў на волю пасля прысуду да пажыццёвага зняволення, піша "Наша Ніва".

Пажыццёвае зняволенне ў Беларусі ўвялі ў заканадаўства ў 2001 годзе. З таго часу такі прысуд атрымалі больш як 160 чалавек. Пры гэтым яны могуць выйсці на волю. Калі яны адседзяць 20 гадоў, то з улікам іх паводзін, стану здароўя і ўзросту суд можа вырашыць, што яны вартыя вызвалення пасля яшчэ нейкага часу за кратамі — да пяці гадоў. Пры гэтым суд не абавязаны задавольваць хадайніцтва аб вызваленні.

У Бяскроўнага сітуацыя крыху іншая. Брэсцкі абласны суд прызначыў яму пажыццёвае зняволенне, аднак пазней Вярхоўны суд прыняў да ўвагі яго апеляцыю і змякчыў вырак — замяніў яго на 25 гадоў зняволення.

У выніку мужчына правёў за кратамі каля 23 гадоў. Два гады яму скінулі па амністыях, якія ўжываліся амаль да ўсіх катэгорый злачынцаў, у тым ліку і да забойцаў.

За што судзілі Бяскроўнага? 24-гадовы мужчына ехаў дадому да жонкі і маленькага сына. па дарозе пабачыў дзяўчат, якія вярталіся з дыскатэкі і прапанаваў падвезці. Па дарозе ён заехаў у краму па віно з півам, а потым прапанаваў працягнуць знаёмства каля возера, бо думаў, што перад ім прастытуткі. калі дзяўчаты адмовіліся ад інтыму, мужчына скарыстаў нож і сілу. Пакуль Бяскроўны гвалціў адну з дзяўчат і нават у парыве шаленства адкусіў ёй смочкі, другая выбралася з машыны і схавалася ў кустах.

Першую дзяўчыну Бяскроўны забіў 30 ударамі нажом і каменем. Шукаў другую, але ў цемры не знайшоў, бо яна схавалася. Пад раніцу мужчына закінуў труп першай дзяўчыны ў багажнік, адвёз яго далей у лес і кінуў у яму. Пасля гэтага ён паехаў дадому. Там яго ў той жа дзень і затрымалі.

Дарэчы, у бабруйскай калоніі №2 з ім у адным атрадзе апынуўся палітзняволены блогер Вадзім Vadimati Ермашук, асуджаны за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Таксама пра яго расказаў іншы зняволены, які быў асуджаны па эканамічным артыкуле.

Абодва кажуць, што ўмовы ўтрымання Бяскроўнага былі нашмат лепшыя, чым у палітвязняў. Адміністрацыя не пераводзіла яго ў нізкі статус, а дала прэстыжную працу — ён адказваў за захоўванне і выдачу іншым вязням асабістых рэчаў у гаспадарчым атрадзе, а таксама выдаваў нажы. Таксама ў абавязках Бяскроўнага была выдача зняволеным лістоў, якія прыйшлі ім з дома. Вязні неяк злавілі Бяскроўнага на тым, што ён у сваім пакоі чытае чужыя лісты і разглядвае чужыя фотаздымкі. Аднак адміністрацыя нават не пакарала яго за гэта.

Таксама вязні кажуць, што Бяскроўны ствараў умовы, каб палітычных саджалі ў СІЗА, і здаваў адміністрацыі тых, хто падтрымліваў Украіну ў вайне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.