“Мярзотная гісторыя”. Прадстаўнік Офіса — пра фэйкі вакол “Чужога неба”

Прэм'ера "Чужога неба" ў кінатэатры / Мінская праўда
“Падрабіць такія скрыны — гэта праца на 15 хвілін павольным тэмпам”, — так кіраўнік адзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) Данііл Гаркавы пракаментаваў “доказы” яго супрацы з камандай, якая здымала стужку “Чужое неба”.
Чалавек, які выступіў ад імя “каманды медыйшчыкаў, якія жывуць у Чэхіі”, сцвярджае, што Данііл вёў з імі перапіску пра здымкі для фільма “Чужое неба”.
Гэта прапагандысцкая стужка, якая днямі выйшла на беларускім тэлебачанні і ў кінатэатрах. У ёй беларусы, якія апынуліся за мяжой, расказваюць пра цяжкасці свайго жыцця ў эміграцыі. Пасля прэм’еры выявілася, што герояў фільма падманулі. Яны думалі, што здымаюцца для праекту ОСЦ.
Апублікаваныя “доказы” ў выглядзе скрыншотаў перапіскі з нібыта Гаркавым адразу выклікалі сумневы.
Перапіска з фаташопа
На скрынах, якімі падзяліўся Яўген, прадстаўнік “здымачнай каманды з Чэхіі”, відаць, што яны зробленыя ад імя адпраўніка, бо “птушачкі” стаяць на паведамленнях Данііла.

Выходзіць, ён сам іх зрабіў і даслаў?
“Падрабіць такія скрыны — гэта праца на 15 хвілін павольным тэмпам. То-бок нават ствараць новы акаўнт не трэба. Я б тут звярнуў увагу на тое, што на ўзроўні агульначалавечай дасведчанасці верыць скрынам перапісак ужо даўно нельга”, — кажа Данііл Гаркавы ў размове з Еўрарадыё.
І дадае, што ніякіх стасункаў з аўтарам фільма, які пашэрыў гэтыя скрыны, не меў.
Яўген жа на пытанне Еўрарадыё адказаў такім чынам:
“Гаркавы перасылаў скрыны на працягу нашай працы менеджару, які нас яму параіў. Недзе ўдакладняў нашу кампетэнтнасць, з аднаго скрыншота смяяўся проста. А той тады яшчэ перакідваў гэтыя скрыншоты нашаму праект-менеджару, дзесьці пераўдакладняў пытанні, каб Гаркаваму растлумачыць больш дэталёва і да т. п. Вось з таго часу і засталося ў яго”.
Данііл прыгадаў падобны кейс, які здарыўся з ім у студзені, калі невядомыя падрабілі ягоны допіс у Фейсбуку.
“Гэта таксама робіцца за 5 хвілін у любым браўзеры, нават адмысловых праграм не трэба. Таму ну пабавіліся, парабілі выгляд вельмі важнай і плённай працы — калі ўласны ўзровень годнасці дазваляе такім займацца, то спачуваю аўтарам. Заклікаю ўсіх не страчваць пачуцця пільнасці, бо сёння махляры лукашэнкаўскія, заўтра — ваша дзіця трапіла ў ДТЗ, трэба грошы. Усе аднаго і таго ж гатунку”, — кажа Гаркавы.
Што асабліва ўразіла Еўрарадыё, дык тое, як фейкавы супрацоўнік ОСЦ называе Франка Вячорку: “ФранОк”.
“Грантавая заяўка” на рускай
Яўген, які падзяліўся не толькі скрынамі перапіскі, але і “грантавай заяўкай”, на пытанні пра яе адказаў, што гэта быў “чарнавік” і “ўсе пытанні да Гаркавага”. Сумневы выклікала тое, што “дакумент”, які нібыта дасылаўся амерыканскаму донару, напісаны па-руску, без дадзеных юрыдычнай асобы і г. д. — так увогуле не бывае.
“Калі б не ўся сумная гісторыя з падставай людзей, то гэта быў бы агулам даволі пацешны док. Разумею, што для чалавека, які ніколі не працаваў з грантавай сістэмай, гэты док можа падавацца колькі-небудзь рэальным. Але фінансавыя дакументы робяцца зусім інакш”, — кажа Гаркавы.
Данііл дадае, што каб разумець розніцу, можна ўзгадаць афіцыную сістэму дзяржаўных тэндараў, Icetrade.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.