Панегірык для прапагандыста. Пра што маўчыць фільм "Птушка фенікс Аляксея Талая"

Аляксей Талай у стужцы "Птушка фенікс Аляксея Талая" / РУП "Беларусьфільм"
З 22 студзеня дзяржаўныя кінатэатры па ўсёй Беларусі паказваюць “Птушку фенікс Аляксея Талая” — ідэалагічны фільм-партрэт, прысвечаны паралімпійцу і праўладнаму прапагандысту Аляксею Талаю. Праект зняў рэжысёр-тэледакументаліст Уладзімір Луцкі на студыі “Летапіс” (адно з падраздзяленняў “Беларусьфільма”).
Еўрарадыё атрымала копію фільма і паглядзела, пра што ён распавядае — і пра што ўпарта маўчыць.
***
Прадпрымальнік. Матывацыйны спікер. Дабрачынец. Паралімпіец. Бацька чатырох дзяцей.
Усё гэта частка сапраўднага і ўражальна вялікага партфоліа ўраджэнца Оршы Аляксея Талая. У даваеннай прэсе яго яшчэ часцяком параўноўваюць з Нікам Вуйчычам — матывацыйным трэнерам і хрысціянскім прапаведнікам з Аўстраліі.
Сапраўды, лёсы аўстралійца і беларуса шмат у чым падобныя — абодва мужчыны з інваліднасцю (Вуйчыч нарадзіўся без канечнасцяў, а Талай пазбавіўся іх у падлеткавым узросце праз выпадковы выбух міны), якія пераадолелі фізічныя абмежаванні і сталі медыйнымі зоркамі.
Вось толькі ў адрозненне ад Вуйчыча, які прысвяціў сваё жыццё папулярызацыі рэлігіі, беларус прасоўвае зусім супрацьлеглыя каштоўнасці — нянавісць да Захаду і справядлівасць вайны ва Украіне.
Менавіта ў такім прапагандысцкім амплуа Талай апошнія пяць год і фігуруе ў дзяржаўных медыя — як заўзяты прыхільнік лукашэнкаўскага рэжыму, той, хто развенчвае “міф” пра гвалт сілавікоў падчас пратэстаў 2020 года, а таксама актыўны саўдзельнік у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый. А цяпер усё гэта можна пабачыць і на экранах дзяржаўнай сеткі кінатэатраў.
Тут варта адзначыць, што біяграфічны фільм пра Талая мог цалкам паўстаць і да драматычных падзей апошняга часу, лёс паралімпійца багаты на драматычныя эпізоды.
Але дзяржаўныя кінематаграфісты звярнулі на яго ўвагу, толькі калі ўладзе спатрэбілася прасоўваць сваю новую, ідэалагічна адданую і цалкам лаяльную культурную эліту, у якой постаць Талая выглядала б бяспройгрышнай ролевай мадэллю.
Гісторыя поспеху чалавека з інваліднасцю ў далёкай ад сапраўднай інклюзіі дзяржаве — такое наўмысна не прыдумаеш.
Але калі глядзіш ужо цалкам адзняты фільм, не адпускае здрадніцкае адчуванне, што нават да гэтай цалкам галівудскай па змесце біяграфіі “Беларусьфільм” падышоў як да фармальнай справы.
Аповед пачынаецца з пастановачнай і падкрэслена ненатуральнай сцэны сустрэчы Талая з вучнямі сваёй роднай аршанскай школы, потым на экране — пасадка яблыні ў школьным садзе і сумеснае спяванне “Зоркі па імені Сонца” гурта “Кіно”.
А затым пачынаецца амаль няспынны маналог на камеру героя пра самога сябе, які перабіваецца калажамі з фотаздымкамі, сямейнымі і падзнятымі відэа, выразкамі з газет.
Рэжысёр стужкі Уладзімір Луцкі пабудаваў сваю кар’еру на здымках гістарычных фільмаў і дакументальных драм на студыі Уладзіміра Бокуна. Але гэты багаты творчы досвед не можа схаваць яго адсутнасць інтарэсу да галоўнага героя.
Бачна, што аўтары без асаблівага жадання адпрацоўваюць практыкаванне, навязанае Мінкультам. Нібы перад намі фільм не для шырокай аўдыторыі, дзе варта захапіць увагу, а хоўм-відэа для чыноўнікаў ці прыватнай фільматэкі самога Талая.
Магчыма, каб ён потым мог паказваць стужку на сваіх матывацыйных выступах ці ў блізкім коле сваякоў.
Фільм не спрабуе паглыбіцца ва ўнутраны свет героя, а існуе недзе на самай паверхні, проста пераказваючы важныя для прапаганды факты біяграфіі.
Вось тут Аляксей распавядае, як стаў інвалідам і пераадольваў унутраны крызіс. А вось як ён будаваў сваё сямейнае жыццё спачатку з першай, а потым другой жонкай.
А потым стаў спартоўцам і ўдзельнікам Паралімпіяды. І напрыканцы як клапоціцца пра дапамогу дзецям Данбаса.
“Птушка фенікс” лепіць з Талая ідэал дзяржаўнага мужа — сямейнага чалавека, які атрымаў прызнанне не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы, які ва ўсім ўдзячны Лукашэнку і падтрымлівае яго знешнюю палітыку.
Непрамоўленымі застаюцца яго супярэчлівая натура, глыбокая сувязь з беларускімі і расійскімі рэжымамі, персанальныя санкцыі ад шэрагу краін і пагроза атрымаць ордар на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда.
Атрымаўся малазмястоўны, не паглыблены ў псіхалагічныя нюансы і дэталі біяграфіі погляд на Талая.
Можна справядліва запярэчыць: а што тут раскажаш за 26 хвілін хронаметражу, ды яшчэ і пад наглядам мастацкай камісіі Мінкульта.
Сапраўды, не шмат што, але бачна, што і самі аўтары не надта імкнуліся разбірацца ў біяграфіі прапагандыста, што толькі пацвярджае чуткі, чаму фільм доўга не мог запусціцца ў вытворчасць на дзяржстудыі — ахвотных здымаць прыйшлося шукаць некалькі год.
І ў гэтым можна адшукаць свае плюсы — вымучаная і няздатная кінапрапаганда працуе на карысць новым пакаленням беларусаў, прывіваючы ім крытычнае мысленне ў дачыненні да штучных ідэалаў улады.
Такім макарам рэжым разваліцца сам па сабе, проста ў адзін нечаканы для ўсіх момант. І тут ужо ніякі Талай не дапаможа.
Адзнака Еўрарадыё: 3/10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.